Паэты такія, як Аляксей Галаскок, не паміраюць!

22 снежня 2023 года пайшоў з жыцця беларускі паэт Аляксей Пятровіч Галаскок. Кранула душу такая страта. Чалавек-глыба, якога ведалі ў Ганцавіцкім раёне і малыя, і старыя. Ведалі і за межамі раёна, бо нарадзіўся ён на Гродзеншчыне. І яшчэ яго адна малая радзіма - Зэльва. Ён меў яскравы характар і запомніўся непаўторнымі сваімі жартамі. І чым выдзяляўся Аляксей Пятровіч – дык гэта бязмернай любоўю да свайго краю і роднай мовы.

Успамінамі пра Ларысу Геніюш падзяліўся Аляксей Галаскок
Успамінамі пра Ларысу Геніюш падзяліўся Аляксей Галаскок / Фото: Светлана Малышко

Аляксей Галаскок пакінуў у беларускай гісторыі і нашчадкам зборнікі ўнікальных і непаўторных вершаў, пранікнёных любоў да беларускага краю. Вялікі ўклад унёс ў захаванне беларускай мовы, дапамагаў мясцовым паэтам, расказваў дзеткам, чаму трэба шанавать родную мову. Нераўнадушны і неардынарны чалавек са сваім стрыжнем – такім ён запомніцца людзям. А творы Аляксея Галаскока застануцца ў гісторыі не толькі Ганцаўшчыны.

Не верыцца, што Аляксей Пятровіч ўжо не сустрэнецца на вуліцах горада Ганцавічы, не пажартуе, як заўсёды, і  не спытае пра надзённыя справы. Не складзі за хвіліну верш на любу. тэту, якую назавеш. Аляксей Галаскок цікавіўся не толькі паэзіяй. Вельмі любіў родную прыроду, грыбы ды рыбалку, знаходзіў агульную тэму для размовы, як кажуць і пра палітыку, і пра надоі. Таму з ім заўсёды было лёгка аднадумцам, і не вельмі тым, хто трансліраваў тэлевізар.

Аляксей Галаскок
Аляксей Галаскок, паэт г. Ганцавічы

Выказваю нязгоду, што ён памёр, насуперак прыродзе! Паміраюць тыя, хто адыходзіць у небыццё і пра каго не ўзгадваюць людзі. Паэты не паміраюць. Таму ў вершаваных радках, хоць я і не паэт, а ад душы, хочацца запярэчыць міразданню і сканчэнню чалавечага фізічнага жыцця.

Паэты, адыходзячы з жыцця, не паміраюць,
Не пакідаюць блізкіх і сяброў,
Бо сэрца словы творчасці кранаюць,
Як вершы Галаскока зноў і зноў.

Пятровіч шанаваў свой край любімы
Нашчадкам на вякі даў настаўленні.
Сапраўдны беларус і патрыёт Радзімы –
Такім запомняць Галаскока пакаленні.

У Ганцавіцкім раёне Аляксей Пятровіч працаваў на розных прадпрыемствах райцэнтра. Нейкі час быў старшынёй раённага ТВВАД (таварыстава выратавання на вадзе). Займаў пасады на прадпрыемстве КПД – майстрам і загадчыкам аддзела прамысловай вытворчасці, на ПМК-7 – у аддзеле маркетынга.

У раённым цэнтры дзіцяча-юнацкай творчасці вёў гурток юных паэтаў “Верасок”. У газеце “Ганцавіцкі час” арганізаваў мясцовых паэтаў і шмат гадоў вёў літаратурную старонку “Пралеска”. Свой творчы і арганізатарскі талент ён рэалізаваў, аб`яднаўшы людзей з Ганцавіцкага раёна, якія перадаюць сваё бачанне жыцця, любоў да роднага краю вершаванымі радкамі. Многія выпусцілі свае зборнікі вершаў – і гэта таксама часцінка яго працы.

Творчасть Аляксея Галаскока

Грамадскай працы Аляксей Пятровіч не пакідаў і заўсёды быў жаданым госцем на святах у школах, бібліятэках, у Доме культуры, дзе заўсёды прапагандаваў беларускую мову. У верасні 2007 г. Аляксей Галаскок быў прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў (на сёняшні моман яго ўжо не існуе).

Пісаць вершы паэт пачаў з 14 гадоў. Напачатку гэта былі творы на рускай мове, таму ён паказваў сваёй настаўніцы рускай мовы і літаратуры Таісіі Іванаўне Лагуновай. Будучы ў ваенным вучылішчы у вольны час афіцэр Аляксей Галаскок прадаўжаў вершаваць радкі. Яго вершы друкавалі ў армейскіх газетах і яны мелі поспех у саслужыўцаў.

Але ці то карані продкаў-беларусаў, ці то ўплыў вядомай яго зямлячкі-паэтэсы Ларысы Геніюш, якая яшчэ ў дзяцінстве заахвочвала юнака пісаць вершы на мілагучнай беларускай мове, унеслі паварот у яго творчую дзейнасць, і большасць вершаў Аляксей Пятровіч стаў пісаць на роднай мове.

“А як жа інакш? Я ж беларус, — казаў Аляксей Галаскок. – Мяне часта пытаюць, чаму на беларускай? А я адказваю, што такое народ? Гэта, па-першае, тэррыторыя краіны, дзе ён жыве, а па-другое, мова, на якой ён размаўляе. Калі мы не будзем размаўляць на роднай мове, не будзем пісаць, то не будзе і нашага народа, не будзе беларусаў”.

Аляксей Галаскок
Аляксей Галаскок адзначае 70-гадовы юбілей у дзіцячай бібліятэцы

Яго вершы друкавалі ў мясцовай прэсе, а таксама ў абласной і рэспубліканскай. Напрыклад, у “Зары”, “Звяздзе”, “Народнай трыбуне”, у “ЛіМе”, сямейным часопісе “Гаспадыня”, у сатырычным часопісе “Вожык”  і шмат іншых. Яго вершы ўвайшлі ў склад кнігі “Паміж Бобрыкам і Ланню”, калектыўны зборнік вершаў “Зоры над Зальвянкай”.

Першы асабісты зборнік вершаў «У жыццi для мяне ўсе не проста» Аляксей Пятровіч выдаў у 2003 г. пры дапамозе Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя В. Ф. Праскурава. Ён аўтар зборнікаў паэзіі: «He шкадуюць мяне мае вершы» (2005), «Я шчаслівы…» (2007), «Беларусь мая родная, мілая…» (2010), «Суд над сарокай» (2010), «З вясёлай торбы» (2017), «Гаманлівы ручаёк» (2017), «Асенняя бліскавіца» (2017).

Вершы Аляксея Галаскока разнастайныя, рознай тэматыкі, на любы густ. Тут можна знайсці творы і пра людзей, і пра прыроду, пра звяроў і птушак, пра радзіму, пра Ганцаўшчыну. Шмат у паэта гумарыстычных вершаў і вершаў пра каханне.

Як казаў сам паэт, галоўная “муза” яго твораў –  жонка Ларыса. Ёй прысвечаны верш, які так і называецца “Жонцы”.

…Пройдзе свята – усе знікнуць, як цені,
Бо і сонца плыве за гару,
Усё прабач, на твае калені
Мне дазволь палажыць галаву.

Ларыса Галаскок

Паэзія сумная і жартоўная

Іншы раз, калі Аляксей Пятровіч заходзіў у рэдакцыю «Ганцавіцкага часу», то дзяліўся некаторымі вершамі, якія яшчэ ніхто не чуў. Па яго словах, галоўным крытыкам і цэнзарам была жонка Ларыса Іванаўна. Ён часта жартаваў, бо не ўсе творы  праходзілі «цэнзуру».  А пасля вершы праходзілі доўгі працэс, каб апынуццца ў  друкаваным.

З галоўным рэдактарам ГЧ Пятром Гузаеўскім Аляксей Пятровіч таксама часамі раіўся. І калі выходзіў новы зворнік вершаў, нават самвыдатам, то радасцю заўсёды дзяліўся. А новую кніжачку вершаў падпісваў. Большасць раздаваў знаёмым, сябрам, на розных творчых сустрэчах.

Юбілей Галаскока
З юбілеем паэта Аляксея Галаскока ад калектыву «Ганцавіцкага часу» віншуюць Марыя Заляценка і галоўны рэдактар Пятро Гузаеўскі

Вершы яго былі вельмі розныя як па стылю, так і па эмацыйнай напаўняльнасці. Іншы раз кранальныя, што бярэ за душу. А ішны раз вясёлы, жартаўлівыя. Мабыць таму, што і сам Аляксей Пятровіч быў такой шырокай, неабсяжнай натурай, поўнай рознабаковага жыцця.

Адзін з яго вершаў, калі ён сам чытаў, адразу бачыцца, як ў наяву. Толькі кожны чалавек убачыць у ім свае мясціны, сваё жыццё.

Старэю… Цягне да магілкі.
Раней туды баяўся я хадзіць,
А зараз забягаю на хвілінку,
Каб з бацькам тут пагаварыць.

Старэю я…А бацька не старэе.
З журботай з помніка глядзіць.
Адзін другога мы ўжо не сагрэем.
Я гавару яму, а ён-.маучыць.

Кажу яму пра ўсё на свеце
(А можа мае, словы далятуць):
Як мы жывём, якія нашы дзеці,
Пра праўнукаў, што па зямлі ідуць.

Я ведаю: мне бацька не зайздросціць,
Бо ён пажыў, а яшчэ жыву,
Пакуль хаджу я да магілкі ў госці,
Пакуль яшчэ схіляю галаву.

Кожны верш Аляксея Пятровіча своеасаблівы. І ён умеў перадаць настрой, выклікаць эмоцыю. А гэта можа толькі таленавіты чалавек. І сваёй творчасцю ён гэта даказаў. Трымаючы на руках унукаў, можа і яны некалі сваім дзецям і ўнукам будуць чытаць вершы са зборніка дзеда Аляксея «Суд над сарокай».

Аляксей Галаскок з унукамі

Дарэчы, гэтую кніжку варта знайсці кожнаму беларусу і чытаць сваім маленькім дзецям. Адзін з вершаў А. Галаскока з гэтага зборніка:

Унучка кажа: “Дзед мой родны,
Вельмі я цябе люблю,
Бо на малпу ты падобны –
Цацку лепшую маю”.
Гавару маёй маленькай,
Што раней такім не быў.
Гэта я цяпер сівенькі
І змаршчынак шмат нажыў.
Потым здымак ёй у ручку
Свой падаў, дзе малады.
— Паглядзі на мяне ўнучка?
— Не, дзядуля, тут не ты”.

Шчымліва на душы, што рана пайшоў з жыцця Аляксей Пятровіч. Радаваў бы сваёй мілагучнай беларускай мовай, пісаў новыя вершы. А хто зараз будзе выступаць перад дзеткамі і чытаць ім смешныя беларускія вершы? Хто будзе вучыць іх называць месяцы на беларускай мове  і жартаваць? Галаскок быў непаўторны.

Не хочацца мірыцца з суровай рэальнасцю, што  Аляксей Пятровіч пайшоў з жыцця. Але такія людзі, як Аляксей Галаскок, не паміраюць!

Материалы по теме
Темы:
Из рубрики