Паэту Алесю Каско – 60 гадоў

10 снежня 2011 года наш зямляк, паэт, перакладчык, журналіст Алесь Каско споўніцца 60 гадоў.

“Калі б людзі ведалі, што прастора і час — вынік таго, як мы суб’ектыўна ўспрымаем аб’ектыўную рэальнасць, што інфармацыя не знікае, а жыццё любога з нас ад нараджэння і да смерці празрыстае, мы б і жылі, і дзейнічалі па-іншаму”, — нядаўна падзяліўся сваімі жыццёвымі высновамі знаёмы.

Аднак, лічыць ён, такія веды даступны адзінкам. Калі меркаваць па жыцці і творчасці нашага земляка, пісьменніка, перакладчыка і журналіста Алеся Каско, прыходзіш да думкі, што менавіта такія людзі — і ёсць тыя адзінкі, каму даступны таямніцы Сусвету.

Яны жывуць па-за прасторай і часам, таму найперш і клапоцяцца не пра камфортнае зямное жыццё. Праз свае пачуцці, думкі і эмоцыі сапраўдныя пісьменнікі ствараюць максімальна аб’ектыўную карціну рэальнасці для ўсіх пакаленняў, якія жывуць і яшчэ будуць жыць. Яны клапоцяцца аб чысціні і празрыстасці свайго сумлення, бо ёсць меркаванне,  што чым больш таленту адпушчана Богам, тым большы попыт будзе з яго ўладальніка.

А ў тым, што творчасць паэта мае боскую прыроду, Алесь Каско не сумняваецца.

“Травою быў,
а нехта ў небе сінім
сказаў: адчуй свой боль
і стань мне сынам”, —
піша ён у адным са сваіх вершаў.

Але паэт — толькі чалавек. Са сваімі слабасцямі, абмежаваннямі, на падставе якіх робіць выбар у кожнай канкрэтнай жыццёвай сітуацыі.  І ў іншым вершы Алесь сам сабе на пытанне, “ці стаў я паэтам?” адказвае:

Нічога не выказаў болей,
Чым тое,
што ў лёсе сваім прачытаў.

Што ж прачытаў Алесь Канстанцінавіч у сваім лёсе, які, па чалавечых разліках, ужо адмераў шэсць дзясяткаў гадоў? Якія вывеў для сябе галоўныя жыццёвыя высновы, правілы? На гэтыя і іншыя пытанні творца адказаў так.

— Галоўныя высновы ці правілы самі сабой склаліся яшчэ многа гадоў таму назад. Па-першае, вернасць Беларусі – з яе зямлёй, людзьмі, традыцыямі, культурай і, канечне, мовай. Менавіта мовай адметна наша краіна сярод мноства іншых краін свету. Размаўляць на роднай мове, пісаць і чытаць, заслухоўвацца яе мілагучнасцю — гэта натуральна для мяне, і мяняць свае погляды не збіраюся.

Яшчэ адно правіла, ці, дакладней, прынцып — не выдаваць новых кніг, калі яны горшыя за папярэднія. Менавіта таму я “маўчаў” 10 гадоў паміж зборнікам вершаў “Трохкроп’е” і апошнім, сёлетнім “Нічога больш” (калі не ўлічваць калектыўны зборнік “Трохперсце”, выдадзены ў 2008 годзе).

Мне не сорамна за “Трохкроп’е”, але лічу, што ў зборнік “Нічога больш” увайшлі калі не мацнейшыя, то і не слабейшыя вершы.

— Ці можа сёння паэт жыць толькі за кошт вынікаў сваёй творчасці?

— І пры савецкім часе, калі плацілі добрыя ганарары, не кожны мог жыць з гэтага. А цяпер, калі беларускамоўная літаратура кінута ў пашчу рынку, калі нават Ніл Гілевіч за свае грошы выдае кнігі, што гаварыць пра менш вядомых!

Пры добрых умовах я мог бы жыць з вынікаў толькі сваёй творчасці. Магчыма, таму яшчэ, што займаюся і прозай, перакладамі, эсэістыкай, а не толькі паэзіяй. Аднак цяперашнія ўмовы добрымі не назавеш. Беларусь невялікая краіна, у нас няма такога рынку збыту, як, напрыклад, у Расіі, як няма і сапраўдных фундатараў — багатых людзей, якія маглі б дапамагчы творчаму чалавеку.

Да таго ж у нас і заканадаўства ў гэтым кірунку слабейшае, чым у іншых краінах, дзе фундатар, які дае грошы на культуру, у тым ліку літаратуру, пазбаўляецца падаткаў ці яны значна зніжаны. У нас жа фундатарам, якія вырашылі дапамагчы паэту, трэба за яго яшчэ і падаткі плаціць.

Прывяду ў прыклад Украіну: там складаецца спіс, якія творы плануецца выдаць у наступным годзе, ён падаецца ў абласную адміністрацыю і зацвярджаецца, пасля чаго выдаюцца кнігі. Вядомы пісьменнік там можа выдаваць па кніжцы хоць кожны год. Ва Украіне наогул вельмі ўважліва адносяцца да пісьменнікаў, падтрымліваюць іх і іх літаратурную дзейнасць. А Саюз пісьменнікаў Украіны знаходзіцца пад пільнай увагай дзяржавы, носіць найменне «Нацыянальны».

— Можаце прывесці прыклад такой падтрымкі?

— Калі ласка. Наша абласное аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў рыхтуе Анталогію паэзіі і прозы валынскіх літаратараў у перакладах берасцейцаў, а ўкраінскі бок рыхтуе “Анталогію прозы берасцейцаў у перакладах на ўкраінскую мову”. Усё робіцца за ўкраінскія сродкі! І гэты прыклад — добры паказчык таго, як падтрымліваюцца літаратары ў нашых суседзяў.

Беларускамоўнай літаратуры сёння найцяжэй жывецца ў сувязі з моўнай сітуацыяй у краіне. Я лічу абсурдным аддаваць беларускамоўную літаратуру ў рынак: яна не вытрымае ніякай канкурэнцыі. Рускамоўнай прасцей, у яе шырэй поле ў сувязі з нацыянальнай палітыкай, яна таксама можа выйсці і на расійскі рынак.

Яшчэ адзін прыклад. Беластоцкія нашы літаратары таксама адчуваюць падтрымку Міністэрства культуры і мастацтва Польскай Рэспублікі, якое выдзяляе грошы нават на літаратуру нацыянальнай меншасці. У рамках садружнасці выдзяляе ім грошы і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. А літаратары нашага аддзялення, у які ўваходзіць нямала знакамітых, славутых творцаў, у сваёй краіне застаецца без падтрымкі. Шкада…

— Што можаце падказаць, пажадаць маладым паэтам?

— Кожны творца, паэт тым больш, перш за ўсё, выказвае праз слова сябе. А чытач успрыме тое, што блізкае яму, што датычыцца асабіста яго. Для гэтага важна, каб паэт сапраўды перажыў напісанае. Не трэба вымучваць сябе, калі не пішацца. Лепей выкарыстаць гэты час для таго, каб напоўніць душу — перажываннямі, радкамі іншых паэтаў, мудрасцю іншых людзей.

І тады паэзія прыйдзе сама. Я ніколі не крывіў душой, быў сумленны ў сваіх вершах. Інакш кажучы, які я ёсць у жыцці, такі я і ў паэзіі — няхай чытачы ўспрымаюць мяне менавіта так. Я рады, што ў маёй школе — Чудзінскай сярэдняй – па-ранейшаму нараджаюцца паэты. І ў гэтым я ўпэўніўся, калі сёлета пабываў там. Цяпер рыхтую падборку для абласнога друку юных творцаў маёй школы.

– Алесь Канстанцінавіч, дзе і як вы адзначыце сваё свята?

— (Смяецца): На з’ездзе Саюза беларускіх пісьменнікаў у Мінску. Не ведаю, як так падгадалі яго арганізатары, але ён праводзіцца якраз у дзень, калі мне «стукне» 60. Таму ў Мінску, калі скончыцца з’езд,  з добрымі знаёмымі, сябрамі і адзначым маю круглую дату.

У гэты дзень думкамі разам з сябрамі, знаёмымі, прыхільнікамі творчасці нашага земляка Алеся Каско будуць і супрацоўнікі рэдакцыі “ГЧ”.

Мы жадаем творцу доўгіх гадоў жыцця, напоўненых творчасцю – сумленнай, як сам паэт, празрыстай, як жыццё чалавека ў вялізным Сусвеце. Няхай яго радкі, напоўненыя чыстай энергіяй, нясуць яе ў сэрцы тых, хто неабыякавы да Слова, да Радзімы, яе гісторыі, культуры і мовы.

Материалы по теме
Темы:
Из рубрики