Культавыя дрэвы Палесся: Ізбійскі бор у Ганцавіцкім раёне

Дрэвы былі аб’ектамі пакланення старажытных людзей у язычніцкія часы. Але ёсць на Палессі дрэвы, якія з’яўляюцца культавымі і для хрысціян. Напрыклад, цікавае месца Ізбійскі бор у Ганцавіцкім раёне. Яно абрасло шматлікімі легендамі і паданнямі, а людзі сюды ходзяць стагоддзямі, як да святыні.

Фото: Упрыгожаныя дрэвы ў Ізбійскім бары ў Ганцавіцкім раёне

Знаходзіцца гэтае месца пры дарозе недалёка ад вёскі Будча, калі ехаць з Ганцавіч. Побач – паварот на вёску Дзяніскавічы. Цяпер яго проста заўважыць з дарогі – тут пабудаваная царква, а жыхары мясцовых вёсак вельмі яскрава ўпрыгожваюць стужкамі і рушнікамі дрэвы навокал. Традыцыя ўпрыгожваць дрэвы павялася здаўна – у мясцовых гэтае месца лічыцца святым.

Стагоддзямі людзі ехалі сюды на конях, хадзілі ў пешае паломніцтва. А 90-гадовая жыхарка вёскі Будча Алена Кляўчэня распавядала, што раней бабулі дабіраліся каля шасці кіламетраў да Ізбійскага бору на каленях!

Будча Ізбійскі бор
Ад Будчы да Ізбійскага бора — каля шасці кіламетраў

У бары на Успенне (28 жніўня) праводзіліся багаслужэнні. У гэты дзень у мінулыя стагоддзі шмат людзей тут збіраліся на імправізаваны кірмаш. Тут знаходзілася і крыніца, дзе набіралі асвячонай вады. Нават у бязбожныя савецкія часы, калі царквы ўжо тут не было, жанчыны упрыгожвалі тутэйшыя дрэвы стужкамі. Чаму гэты бор стаў культавым для мясцовых?

ізбійскі бор
Крэсны ход вакол культавага дрэва ў Ізбійскім бару

Паданні пра ікону

Ёсць розныя варыянты паданняў пра знаходку цудадзейнай іконы ў Ізбійскім бары. Вось як пра гэта распавядала ў 2017 годзе 95-гадовая жыхарка вёскі Будча Надзея Мышкавец:

“Адзін з жыхароў Будчы пайшоў шукаць свайго вала, ці-то каня. Пакуль шукаў, натрапіў на абразок Багародзіцы, які ляжаў пасярод лесу на Ізбійскім Бары. Мужчына падняў абразок, узмаліўся, як гэта прынята ў хрысціянаў, тут жа знайшоў жывёліну і шчаслівы вярнуўся дамоў са святыняй у руках.

Абразок гаспадар паклаў дома ў святліцы – гэта значыць на самым галоўным месцы ў хаце  і заняўся сваімі штодзённымі справамі.

На наступны дзень наранкі падняўся і пайшоў да абразка, але яго ў хаце не аказалася. Вобраз Багародзіцы цудоўным чынам аказаўся на сваім месцы ў Ізбійскім Бары. Будчак рассказаў пра цуд бацюшку. Кажуць, што бацюшкі параіліся паміж сабой, вырашылі, што гэта не што іншае, як знак звыш і пабудавалі на месцы знаходкі царкву”, – апавядала Надзея Рыгораўна.

Сасна ў Ізбійскім бары
Сасна ў Ізбійскім бары

А вось што расказвала, успамінаючы аповед бабулі, Марыя Савеня, якая нарадзілася ў 1937 годзе:

“Ёсць адно месца, куды людзі з усіх сёл прыходзяць і прызджаюць. Была некалі ў лесе, што за Лахаўкаю (была такая рака), сасна тоўстая-тоўстая (паказвае рукамі дыяметр прыблізна 1,5 метра). З’явілася на ёй аднекуль ікона Божай Маці. Там людзі ягады збіралі, то пабачылі яе.

Вырашылі завезці ў Дзяніскавічы, суседнюю вёску, у царкву. Праз некаторы час ікона зноў з’явілася ў лесе. Людзі зноў завезлі яе ў Круговіцкую царкву. А яна ізноў на той сасне з’явілася. І вырашылі людзі на гэтым святым месцы паставіць царкву”, — расказвала Марыя Савеня.

Карацей, святым месцам стала гэтае месца, пабудавалі тут царкву. А тую сасну увесь час упрыгожвалі рушнікамі і іконамі, нават калі яна ссохла. Паводле паданняў, людзі моліліся тут за здароўе.

“З тых часоў шмат цудаў адбылося на тым месцы, – казала Надзея Мышкавец. – Па шчырых малітвах людзі і па сённяшні дзень атрымліваюць збавенне ад бед.

Царкву адрадзілі, а дрэвы працягваюць упрыгожваць рушнікамі

Падчас другой сусветнай вайны царква згарэла, невядомы лёс той самай іконы. Але людзі працягвалі сваё паломніцтва ў Ізбійскі бор і маліліся сярод дрэў. А ў 2014 годзе здарыўся працяг падання. Падчас распілоўвання бярозы, якая расла непадалёку ад той самая сасны, на яе зрэзе выявіўся абрыс Маці Божай з немаўляткам і крыж.

Мышкавец
Надзея Мышкавец, якая ўспамінала паданні пра Ізбійскі бор у 2017 годзе

Першапачаткова тут знаходзілася менавіта ўніяцкая капліца, аб чым сведчыць Пратакол генеральнай візітацыі Дзяніскавіцкай уніяцкай царквы Клецкага дэканата, які датуецца 5 лютага 1784 года:

«Капліца ў пушчы, якая называецца «на Ізбійскім Бары», знаходзіцца за мілю ад парафіяльнай царквы. Пад тытулам Успення Найсвяцейшай Дзевы. Ніякіх абавязкаў для святара і наданняў (на ўтрыманне гэтай капліцы) не мае.

Пастаўленая ў незапамятныя часы. Зрубленая з кругляка ў вуглы. Накрытая дранкай. З адным купалам, на якім жалезны крыж. Дзверы да яе на жалезных завесах з навясным замком, жалезнымі зашчэпкай і прабоем. Падлога і столь з дошак. Тры вакны простага шкла зроблены з дрэва. Вялікі алтар за пафарбаванымі разбярскай работы Царскімі Варотамі. У ім абраз Найсвяцейшай Дзевы, перад якім прастол сталярнай работы, накрыты рушнікамі і на якім адна пара драўляных падсвечнікаў».

У ХІХ стагоддзі яна стала праваслаўнай. З Кліравай ведамасці за 1865 год становіцца вядома, што: «У Ізбійскім Бары знаходзілася прыпісная царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы.

Пабудавана яна была ў 1861 годзе (па ўсёй бачнасці, вялася перабудова пад каноны праваслаўнай святыні) з дазволу Мінскай духоўнай кансісторыі намаганнямі мясцовага святара Людвіга Гарбацэвіча і царкоўнага старасты Герасіма Глеба.

Будынак царквы ў Ізбіцкім Бары быў драўляны, без званіцы. Начынне было ў дастатковай колькасці. Ад самастойнай царквы знаходзілася на адлегласці ў 6 вёрст (6,6 км)». Так ці інакш, знішчана яна была падчас вайны. А аднаўленне царквы тут пачалося ў 2014 годзе, людзі ахвотна ахвяравалі на яе, і хутка была адбудаваная.

царква
Адроджаная царква ў Ізбійскім бары

Ізбійскі бор стаў настолькі культавым у Ганцавіцкім райнё, што пра яго ёсць і лірыка.

Ізбійскаму бару прысвячаюць вершы

Ізбійскі Бор – зямля святая,
З душы зямлі легенда тая.
Даўным-даўно старыя дрэвы
У лесе раптам пасвятлелі.

***

Святло лілося, дзе крыніца,
І людзі сталі ўсе дзівіцца:
Там пад сасной, старой, высокай,
Абраз свяціўся так далёка,
І Маці Божая глядзела,
Як быццам штось сказаць хацела.

Гэта частка верша жыхаркі Ганцавіцкага раёну Наталлі Тарабеш. Чытайце яго цалкам па спасылцы.

Материалы по теме
Из рубрики