На Успенне – свята ў Ізбійскім Бары
У нядзелю 28 жніўня праваслаўная царква адзначае Успенне Прасвятой Багародзіцы. У гэты дзень сваё пасаднае свята адсвяткуюць адразу некалькі хрысціянскіх святыняў на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна. Гэта Свята-Успенская царква ў вёсцы Хатынічы, а таксама дзве капліцы – у вёсцы Гута і ў лясным урочышчы Ізбійскі Бор.
Фото: Адроджаная царква ў Ізбійскім бары
Нягледзячы на тое, што аб Ізбійскім Бары напісана ўжо дастаткова шмат артыкулаў, у гэтым нумары нашай газеты мы раскажам менавіта аб гэтым святым месцы. Калі адкінуць убок розныя «легенды» і «паданні», то можна высветліць шмат цікавых момантаў.
Уніяцкае мінулае
Першапачаткова тут знаходзілася менавіта ўніяцкая капліца, аб чым сведчыць Пратакол генеральнай візітацыі Дзяніскавіцкай уніяцкай царквы Клецкага дэканата, які датуецца 5 лютага 1784 года: «Капліца ў пушчы, якая называецца «на Ізбійскім Бары», знаходзіцца за мілю ад парафіяльнай царквы. Пад тытулам Успення Найсвяцейшай Дзевы. Ніякіх абавязкаў для святара і наданняў (на ўтрыманне гэтай капліцы) не мае. Пастаўленая ў незапамятныя часы. Зрубленая з кругляка ў вуглы. Накрытая дранкай. З адным купалам, на якім жалезны крыж. Дзверы да яе на жалезных завесах з навясным замком, жалезнымі зашчэпкай і прабоем. Падлога і столь з дошак. Тры вакны простага шкла зроблены з дрэва. Вялікі алтар за пафарбаванымі разбярскай работы Царскімі Варотамі. У ім абраз Найсвяцейшай Дзевы, перад якім прастол сталярнай работы, накрыты рушнікамі і на якім адна пара драўляных падсвечнікаў».
Дакладная дата пабудовы тут хрысціянскай святыні невядомая, можна меркаваць, што гэта першая палова XVIII стагоддзя. Справа ў тым, што ў Пратаколе генеральнай візітацыі 1680 года на тэрыторыі прыходаў Дзяніскавіцкай і іншых навакольных цэркваў ніякіх капліц у лясных урочышчах не адзначана. Да таго ж менавіта ў XVIII ст. уніяцкая царква актывізавала змаганне з існаваннем і функцыянаваннем разнастайных «святых месцаў» – рэшткаў язычніцкіх культаў, якія карысталіся асаблівай папулярнасцю ў сялян-палешукоў. Каб прыстасаваць такое «святое месца» ў Ізбійскім Бары пад патрэбы хрысціянскага культу, тут і была збудавана капліца.
Пераход у праваслаўе
На 1837 год тут працягвала знаходзіцца ўніяцкая капліца, якая была прыпісана да Дзяніскавіцкай царквы Святых Пятра і Паўла. У 1839 годзе пасля Полацкага сабора, на якім было прынята рашэнне аб ліквідаванні ўніяцтва на тэрыторыі сучаснай Беларусі, па ўсёй бачнасці, царква ў Дзяніскавічах разам з капліцаю ў Ізбійскім Бары была пераведзена ў праваслаўе.
З Кліравай ведамасці за 1865 год становіцца вядома, што: «У Ізбійскім Бары знаходзілася прыпісная царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы. Пабудавана яна была ў 1861 годзе (па ўсёй бачнасці, вялася перабудова пад каноны праваслаўнай святыні) з дазволу Мінскай духоўнай кансісторыі намаганнямі мясцовага святара Людвіга Гарбацэвіча і царкоўнага старасты Герасіма Глеба. Будынак царквы ў Ізбіцкім Бары быў драўляны, без званіцы. Начынне было ў дастатковай колькасці. Ад самастойнай царквы знаходзілася на адлегласці ў 6 вёрст (6,6 км)».
У Апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі на 1879 год прыводзяцца дастаткова падрабязныя звесткі: «К гэтай Дзяніскавіцкай царкве прыналежыць прыпісаная, размешчаная ў Ізбіцкім Бары Успенская драўляная царква, у якой знаходзіцца мясцова шануемы абраз Прасвятой Багародзіцы, пісаны на драўлянай дошцы, памеры якога ў даўжыню адзін аршын (71 см), а ў шырыню 12 вяршкоў (54 см). Па мясцоваму, вельмі старажытнаму хаця і няяснаму паданню, абраз гэты явіўся ў сонным бачанні аднаму з набожных сялян на тым самым месцы, дзе зараз знаходзіцца царква, і абвясціў, што з гэтага часу ён будзе апекаваць над усімі, хто будзе да яго звяртацца. Для ўшанавання гэтага абраза сцякаецца значная колькасць богамольцаў, асабліва ў дзень Успення Прасвятой Багародзіцы, у які паступае даходу ў карысць царквы 30–35 рублёў і ў карысць прычту 70–90 рублёў».
У Кліравай ведамасці за 1931 год прадстаўлена інфармацыя, што прыпісная да самастойнай прыхадской Дзяніскавіцкай моцная царква пабудавана ў 1923 (!) годзе (цікава, што заставіла вернікаў будаваць новую царкву?).
Руйнаванне і аднаўленне святыні
З кастрычніка 1944 года выконваючы абавязкі благачыннага Лунінецкай акругі і павету Пінскай вобласці протаіерэй Кіпрыян Сямёнавіч Дылеўскі, настаяцель Дзяніскавіцкай царквы протаіерэй Іаан Міхайлавіч Вернікоўскі з удзелам у якасці эксперта Савы Цімафеевіча Долмата на падставе прадпісання Палескага часовага Епархіяльнага ўпраўлення ад 30 жніўня 1944 года за № 80 склалі акт «Аб шкодзе, прынесенай нямецка-фашысцкімі захопнікамі». Наконт прыпісной царквы ў Ізбіцкім Бары ў гэтым акце гаворыцца, што сама царква разам са званіцаю і капліцаю была спалена па невядомых прычынах немцамі пры адступленні 2 ліпеня 1944 года. Але па іншых звестках акупацыйныя войскі да знішчэння царквы ў гэтым урочышчы ніякіх адносін не мелі. Знішчаную прыпісную царкву ў Ізбіцкім Бары ацанілі ў 50 000 рублёў, капліцу пры ёй – у 5 000 рублёў і званіцу – у 5 000 рублёў.
Нягледзячы нават на знішчэнне святыні ў Ізбійскім Бары, на пачатку 2-тысячных кожны год 28 жніўня ў гэтым месцы праводзілася традыцыйнае богаслужэнне. Актыўная фаза аднаўлення распачалася вясною 2014 года і за адносна непрацяглы тэрмін была пабудаваная новая Свята-Успенская капліца, якая ў бліжэйшы час павінна быць урачыста асвечана.
Новости
- 10:59 Беларусь уходит в форель: старые рыбхозы в убытках, новые – в планах
- 16:00 Как всего несколько ложек мёда в день могут изменить ваше здоровье
- 14:30 Как быстро и легко остановить понос народными средствами!
- 22:44 Парень из Бреста после болезни в армии перенес онкологию и потерял глаз
- 09:20 Готовим и едим в Лиссабоне – мастер-класс по закускам
- 09:18 Четыре дня ткачества в Лиссабоне – как проходит ретрит у мастера
- 17:33 Дельфины под Лиссабоном – как проходит морская прогулка и сколько стоит
- 15:24 Рыбалка в Атлантике у Лиссабона – как проходит тур и что можно поймать
- 15:37 По следам тамплиеров и королей — один день, который объединяет средневековую Португалию
- 14:45 День с рыбаками в Кашкайше – как это устроено и стоит ли пробовать
Из рубрики
Даяркі з Кукава ў Ганцавіцкім раёне атрымліваюць адзнакі за малако
Як у школе з амаль «савецкай» сістэмай, ужо два тыдні працуюць даяркі ААТ «Дубнякі» Ганцавіцкага раёна, якім кожны дзень выстаўляюць адзнакі за якасць надояў. Па словах работніц сельгаспрадпрыемства, каб павысіць якасць малака, такую матывацыю ўвёў кіраўнік калгаса Уладзімір Грыгаран.