Першы палітычны актывіст Круговіч: Станіслаў Купайчык

ХХ ст. не толькі масава абудзіла нацыянальную свядомасць, але і абвастрыла палітызаванасць насельніцтва. І калі ў ранейшых часах мы не маем якіх-небудзь звестак пра выяўленне грамадзянскай пазіцыі каго-небудзь з жыхароў Круговіцкай воласці, дык за наступленнем глабальных сацыяльных катаклізмаў – перадусім Першай сусветнай вайны і рэвалюцый 1917 г. – з гушчы сялянства на палітычную арэну рэгулярна выходзяць індывіды і названая мясцовасць не стала выключэннем. Ці не самым першым такім актывістам з’яўляецца кругавец Станіслаў Купайчык.

Звестак пра гэтага чалавека знайшлося не так і шмат. Аднак і на аснове наяўных можна аднавіць галоўныя старонкі яго біяграфіі, стварыць грамадзянскі партрэт.Дзякуючы створанай палякамі базе асоб даведваемся, што Станіслаў Купайчык нарадзіўся ў 1888 г. У той даведцы яго паходжанне абазначанае інтэлігенцкім, а нацыянальнасць – польскай1. Аднак варта падкарэкціраваць гэту інфармацыю.

Станіслаў нарадзіўся ў сям’і рамеснікаў (у прыватнасці ён і сам займаўся шавецкай справай – шыў боты, а прафесія ў той час нярэдка пераходзіла з пакаленне ў пакаленне). Дый рамеснікі ў нашай мясцовасці недалёка адышлі ад сялянскай працы, часта маючы зямельны надзел і працуючы на ім.

Таму паходжанне С. Купайчыка лепей лічыць сялянска-пралетарскім – найлепшым паводле марксіска-ленінскай сістэмы каштоўнасцей. Наконт нацыянальнасці таксама трэба заўважыць, што хоць і называлі сябе Купайчыкі палякамі, вызнавалі каталіцызм, хутчэй за ўсё яны з’яўляліся спаланізаванымі беларусамі.

Само прозвішча характэрна больш для Беларусі, чым Польшчы (хоць і ў апошняй сустракаецца). Да таго ж яно мае сацыяльную канатацыю просталюдзіна, а ніяк не шляхты (у адваротным выпадку можна было б залічыць носьбіта такога прозвішча ў спаланізаваную шляхецкую праслойку).

Расставіць кропкі над “і” дапамогуць дадатковыя розшукі ў архівах.

Наступным разам С. Купайчык усплывае ў кантэксце інфармацыі пра Першую сусветную вайну. Станіслаў Купайчык, сын Францішка, фігуруе ў спісе Польскага камітэта ўцекачоў, якія асталяваліся на час вайны ў Ніжагародскай губерні3.

У дадзеным выпадку таксама вылучаем гіпотэзу. Супраць яе выступае той факт, што расійска-германскі фронт у 1915 г. да Круговіч не дайшоў, а значыць, не было і масавых уцёкаў сялянства на ўсход.

Аднак існуе аргумент на карысць ідэнтыфікацыі Станіслава Францавіча Купайчыка ў якасці жыхара вёскі Вялікія Круговічы. Фронт усё-такі наблізіўся да межаў гміны і некаторыя жыхары маглі падацца на ўсход – у страха вочы вялікія.

Тым больш што гэтаму спрыяла расійская палітыка, падтрымліваючы вобраз пачвары-германца, а нямецкая армія наступала вельмі імкліва.

Да таго ж менавіта праз Круговічы ляжаў адзін са значных шляхоў нашых земялякоў па Берасцейска-Пінскім Палессі на ўсход – дарогаю Ганцавічы – Круговічы – Будча – Чудзін – Старобін, хоць яе стан жадаў лепшага. Менавіта бежанства можа абумовіць развіццё палітычных поглядаў С. Купайчыка. Тым часам у Расіі ўсё большую папулярнасць у народных масах заваёўвалі бальшавіцкія ідэі. Галоўнымі былі антываенныя лозунгі і заклікі перадаць зямлю сялянам.

Зразумела, яна ахоплівалі шырокія масы і сімпатыкаў сацыялістаў увачавідкі станавілася больш і больш. Па вяртанні ў заходнебеларускі родны кут, які апынуўся ў складзе адроджанай Польшчы паводле Рыжскага міра (1921), многія прывозілі з сабою “бацылу камунізму”.

Так і С. Купайчык мог прыехаць дадому прыхільнікам сацыялістычнага ладу. Больш за тое, у пачатку 1920-х гг. кругавец усплывае як адзін з мясцовых актывістаў.

Адбылося гэта падчас выбараў 1922 г. у Сейм Польскай Рэспублікі. С. Купайчык праходзіў у акруговым спісе Польскай сялянскай партыі “Вызваленне”5 пад №4 акругі №60 “Пінск” пасля абранага дэпутатам Антона Кардоўскага (журналіста з Варшавы), Эдмунда Вайнароўскага (адваката з Пінска), Яна Музыкі (селяніна калоніі Залавішча з павета Сарны) з усіх 10 вылучэнцаў.

Гэта была вельмі высокая пазіцыя, якая, тым не менш, не дазволіла прабіцца ў парламент нікому з названых, акрамя першага.  Адбітак спісу кандыдатаў з прозвішчам кругаўца сярод саратнікаў па кааліцыі ў перыядычным выданні для публікацыі праўных дакументаў “Dziennik UrzędowywojewodztwaPoleskiego”.

Выбары не прайшлі гладка

Польская ўлада стасоўна беларусаў ставілася як да людзей ніжэйшага гатунку. Узнікалі інцыдэнты. Некаторыя з іх задукаментаваны дзякуючы таму, што “левыя” ўсё ж змаглі аформіць сваю прысутнасць ва ўладных структурах. Адзін са скандалаў адбыўся з удзелам С. Купайчыка. Напярэдаднівыбараў, якія праходзілі 5 лістапада, на пасяджэнні акруговай выбарчай камісіі № 18 Лунінецкага павета ў Круговічах, што праводзілася 16 кастрычніка, камендант мясцовага пастарунка Камінскі ў прысутнасці члена той жа камісіі Антона Германа (не выключана, што Гурмана, бо менавіта гэта прозвішча распаўсюджана ў Вялікіх і Малых Круговічах. – А. Т.) і іншых заявіў: “Што тому сляпому шаўцу Купайчыку трэба? Я за яго вазьмуся па заканчэнні выбараў”.

Магчыма, гэты факт прайшоў бы міма ўвагі высокіх інстанцый, але паліцэйскі настолькі расперазаўся, што 10 лістапада, г. зн. па выбарах, каля гміннага будынка ў Круговічах, трымаючы ў руцэ на ўзводзе рэвальвер наляцеў на таварыства кругаўцоў з крыкам “Маўчаць, бандыты! Я вас застрэлю!”

Пасля гэтага аднаго з прысутных – Спірыдона Аскерку – ударыў некалькі разоў рэвальверам па галаве. Відаць, галоўнай прычынай стала тое, што кругавец размаўляў са сваімі таварышамі пра праграму ПСП “Вызваленне” і пра выбары ў Сейм і Сенат.

Па выніках інцыдэнту абраны дэпутатам на тых выбарах А. Кардоўскі склаў інтэрпеляцыю – скаргу-запыт у вышэйшыя дзярж аўныя інстанцыі, у дадзеным выпадку – у адрас Міністра ўнутраных спраў7. У дакуменце і апісаны падзеі з удзелам С. Купайчыка і мясцовага паліцэйскага.

Невядома, ці дамагліся кругаўцы сатысфакцыі. Сумнеўна. У далейшым улада ўзмацніла ціск і падобныя захады пайшлі на змяншэнне. Прозвішча С. Купайчыка з нам вядомых дакументаў знікае. Неўзабаве – у 1931 г. – і яго палітычная арганізацыя – ПСП “Вызваленне” – раствараецца ў блізкай па поглядах Сялянскай партыі.

Але яшчэ за восем гадоў да гэтага ўзнікла Камуністычная партыя Заходняй Беларусі – як філія польскіх камуністаў. Таму С. Купайчык набыў новы партыйны білет недзе паміж 1923 і 1931 гг.

Паколькі сярод камуністычных дыверсантаў, якія праводзілі тэрарыстычную дзейнасць да 1925 г. – часу ўтварэння першай ячэйкі КПЗБ на тэрыторыі Круговіцкай гміны – у мястэчку Ганцавічы8, ён таксама не быў заўважаны, дык тут варта схіляцца да меркавання, што кругавец стаў камуністам у другой палове 1920-х гг.

Да пачатку 1930-х гг. С. Купайчык паспеў не толькі выявіць сваю камуністычную актыўнасць, але і выйсці за рамкі закона (больш канкрэтнай інфармацыяй не валодаем). Такую ацэнку даў польскі суд, пакараўшы кругаўца чатырма гадамі зняволення. Магчыма, арышт С. Купайчыка звязаны з кантэкстам разгрому Ганцавіцкага раённага камітэта КПЗБ напрыканцы 1930 г., у выніку чаго быў асуджаны таксама на чатыры гады кіраўнік ячэйкі Навум Шмуклер.9

Выйшаў на свабоду С. Купайчык толькі ў лютым 1936 г. Гэтыя звесткі пачэрпнуты ў справаздачах сілавых органаў, якія назіралі за сем’ямі палітычных вязняў. Прычым, як высачыла паліцыя, кіраўніцтва КПЗБ матэрыяльна дапамагала сваім дзеячам на месцах, а калі член партыі трапляў за краты, то не пакідала ў бядзе яго сям’ю. Таму жонка С. Купайчыка – Марыя Адольфаўна 1903 г. н. – таксама мела час ад часу грашовыя пераводы з Варшавы ў памеры 15-20 злотых10.

1939 г. азначаў спаўненне надзей С. Купайчыка. 17 верасня Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую мяжу і ўзяла пад свой кантроль тэрыторыю Заходняй Беларусі, нават крыху больш – залезшы на этнічна польскія землі.

Круговіцкая гміна знаходзілася паблізу мяжы. Таму літаральна за пару сутак яе вёскі апанавала новая ўлада. Такія радыкальныя змены азначалі, з аднаго боку, узвышэнне людзей, якія канфрантавалі з папярэдняй уладай, а з іншага боку – стваралі пагрозу жыццю прадстаўнікоў старой улады. У некаторых месцах Заходняй Беларусі даходзіла нават да людабойства.

Вясковыя жыхары сустракалі новыя ўлады святочным чынам: у лепшым адзенні і з кветкамі. Праўда, тая акцыя – перадусім усталяванне брамы для вітання новай улады – была тады тыповай для заходнебеларускіх вёсак, што наводзіць на думку пра яе інспіраванне з усходу (ну, не маглі ж вяскоўцы ад Палесся да Віленшчыны згаварыцца, як адзін, і паставіць спектакль па адным сцэнарыі!).

Але і перабольшваць радасць кругаўцоў не варта. Паслухаем карэннага кругаўца Мікалая Блінкоўскага: “У месяцы кастрычніку 1939 г. ад самага нараджэння я жыў у вёсцы Вялікія Круговічы Лунінецкага павета.

Праз некалькі дзён пасля пераходу мяжы Польшчы войскамі савецкімі з’явіліся ў нас прадстаўнікі НКВД. Мясцовае насельніцтва не аказвала наогул ніякай радасці, але знайшлося некалькі такіх, якія мелі з часоў да верасня 1939 г. кепскую характарыстыку, яны віталі тых саветаў нават збудаванай трыўмфальнай брамай, у далейшым праявіўшы вялікую актыўнасць у знішчэнні усялякага польскага даробку.

Праводзілі часта праверкі, забіралі ў заможнейшых гаспадароў і ўладальнікаў маёнткаў збожжа, скаціну, адзежу, мэблю, жыўнасць і ўсё, што ўяўляла пэўную вартасць. Пры тых выпадках хвалілі новы лад, поўны дабрадзействаў, і ганілі ўсё тое, што мела нейкую сувязь з Польшчаю, акрамя таго, распаўсюджвалі нагаворы і данясенні альбо самі былі выканаўцамі мучэнняў, арыштаў ці збівання, як гэта мела месца з уладальніцай-удавой старога веку маёнтка Агарэвічы Свяжынскай, якая ішла пешкі і была пабітая, падверглася жорсткаскаму абыходжанню па дарозе на станцыю Ганцавічы, якая ляжыць за 7 км, і ў другім выпадку – з сынам”.

Як дэманструюць далейшыя словы М. Блінкоўскага, яго меркаванні распаўсюджваюцца і на круговіцкіх бальшавіцкіх актывістаў.

На першых ролях у мясцовых інцыдэнтах быў С. Купайчык і яго хаўруснікі-аднадумцы. Перадусім яны накінуліся на сваіх нядаўніх прыгнятальнікаў і крыўдзіцеляў – паліцэйскіх. Ахвярай стаў паліцыянт круговіцкага пастарунка з нетутэйшым прозвішчам Кашкавяк.

Паводле ўспамінаў вывезенага на Поўнач ў лютым 1940 г. М. Блінкоўскага, названага прадстаўніка польскіх сілавых органаў, які толькі-толькі вярнуўся з няўдалай для Польшчы ваеннай кампаніі, падверглі зняважанню і групавому збіццю наступныя жыхары іх вёскі: Купайчык Станіслаў, асуджаны да турмы польскім судом за працу на карысць саветаў, Гайцюкевіч Адам, Герман Антон, Герман Вацлаў, Занька Васіль і Занька Мікалай, Заяц Андрэй12 (апошні вясной 1940 г. спачатку ўзначаліць круговіцкі калгас).

“На момант прыходу Чырвонай Арміі яна да беларускага насельніцтва адносілася прыхільна, а да польскай нацыянальнасці і да ўраднікаў варожа. Усе службоўцы былі звольнены са сваіх пасад, а іх месцы занялі крымінальнікі і палітычныя вязні, галоўным начальнікам быў шавец з прозвішчам Куфайчык (напэўна Купайчык. – А.Т.).

Палітычны вязень, які ў першыя дні арыштаваў усіх ураднікаў і асобаў, якія ўваходзілі ў розныя польскія арганізацыі. Арыштаваных было каля 100 чалавек, але па прыбыцці НКВД яны былі выпушчаныя, а праз некалькі тыдняў усе паступова былі арыштаваны і вывезены ў невядомым кірунку. Усе арышты і праверкі адбываліся толькі ўначы.

Паборы на карысць арміі былі такія вялікія, што некаторыя засталіся без сродкаў для жыцця і былі вымушаны пабірацца”13. Такія ўспаміны пра падзеі восені 1939 г. – нярэдкасць. Але тут варта браць пад увагу, што іх рэтранслятарамі былі людзі, як правіла, падвергнутыя рэпрэсіям савецкай уладай, дэпартаваныя ў глыб Савецкага Саюза. Значыць, успаміны хутчэй за ўсё будуць характарызавацца аднабокасцю і гіпербалізаванасцю з мэтай крытыкі і дыскрэдытацыі новай улады.

У дадзеным працытаваным выпадку крыніцай з’яўляецца жыхар вёскі Шашкі, паліцэйскі ў адстаўцы, пенсіянер Андрэй Ставяр. Так, вялікае сумненне выклікае лічба ў 100 арыштаваных адным чалавекам, няхай сабе і з памагатымі.

Па нашых ацэнках, лік рэпрэсаваных падчас “першых саветаў” у вёсках Вялікія і Малыя Круговічы склаў каля чатырох дзясяткаў чалавек14. Тым не менш, відавочна, што азначаныя факты былі не адзінкавымі, а на ўзроўні тэндэнцыі.

Савецкая ўлада дала магчымасць выплюхнуць назапашаную гнеўную энэргію тым, хто быў пакрыўджаны за польскім часам. А неўзабаве пачала арганізоўваць спектакль па сваёй легалізацыі – Народны сход. Перад яго скліканнем праводзіліся перадвыбарныя сходы на месцах. Такія мерапрыемствы, калі верыць успамінам, адбываліся амаль штодзённа і заўсёды пад надзорам палітрукоў. Туды мусілі хадзіць усе, інакш пагражалі жорсткім пакараннем, перадусім зняволеннем і высылкай.

Асабліва вытрымліваць дысцыпліну прымушалі ў дзень выбараў. Тады хадзілі па хатах і змушалі людзей галасаваць. У Круговічах правадніком такой палітыкі стаў С. Купайчык. Як успамінае згаданы М. Блінкоўскі, да яго таксама заявіліся бальшавіцкія прыслужнікі.

Яшчэ напярэдадні ў М. Блінкоўскага экпрапрыіравалі наган (факт наяўнасйці зброі можа ўказваць на прыналежнасць за Польшчай яе гаспадара да сілавых ці іншых прыўладных структур). Узброены С. Купайчык у таварыстве А. Зайца загадаў М. Блінкоўскаму пайсці на галасаванне. “Пры ўваходзе ў выбарчае памяшканне ў першым пакоі граў грамафон і ўваходзячым на галасанне давалася яблыка, зрабаванае з маёнтка”, – прыводзіць з памяці карцінку кругавец М. Блінкоўскі, прымушаны такім чынам галасаваць. – У другім пакоі я заўважыў некалькі палітрукоў і прадстаўнікоў НКВД. Уручылі мне там картку, задрукаваную незнаёмымі зусім прозвішчамі, і сказалі кінуць яе ў скрынку, якая стаіць на зэдліку ля сцяны. Падчас галасавання прыехалі на дзвюх машынах некалькі прадстаўнікоў НКВД, якія былі ўзброеныя.

Адны з іх засталіся на месцы правядзення выбараў, іншыя выязджалі па такіх жыхароў, якія ў выніку старасці ці хваробы не маглі прыбыць да выбарчага ўчастка. Галасавалі амаль усе, бо былі папярэджаны пра жорсткія рэпрэсіі, якімі пагражалі перад выбарамі”.

Агульную характарыстыку выбараў падае і шашковец А. Ставяр, прычым яго заснаваныя на мясцовым, убачаным ім непасрэдна матэрыяле меркаванні можна прымяняць да канкрэтных асоб, у тым ліку стасоўна разглядаемага С. Купайчыка: “Выбары ў Народны сход Заходняй Беларусі суправаджаліся папярэдне вялікай агітацыяй, а падчас выбараў міліцыя і ўсе сімпатыкі савецкага ладу выцягвалі людзей да галасавання, выбаршчык атрымліваў картку, на якой былі ўжо выстаўлены невядомыя кандыдаты, і пад наглядам яго праводзілі да ўрны, якая стаяла на стале. Выбарчая камісія складалася пераважна з асобаў незнаёмых і асуджаных за польскім часам”.

С. Купайчык быў як ніхто зацікаўлены ў паспяховым правядзенні выбараў. Рэч у тым, што адзінай кандыдатурай на Народны сход па акрузе, у якую ўваходзілі вёскі Круговіцкай гміны, быў якраз ён сам.

Яго фігура, відаць, зацьміла постаць яшчэ аднаго круговіцкага актывіста – Севасцяна Міхайлавіча Лелеса 1893 г. н. Апошні ў 1920-я гг. сфарміраваў цэлую падпольную арганізацыю, якую польская ўлада называла бандай, і займаўся шпіёнскай дзейнасцю, выведваючы і перадаючы за грашовае ўзнагароджанне ў Савецкі Саюз інфармацыю пра польскія вайсковыя аб’екты17.

Зразумела, што С. Купайчыкам была атрымана трыўмфальная перамога – і ён прыняў удзел у Народным сходзе Заходняй Беларусі18, што прайшоў у Беластоку 28-30 кастрычнiка 1939 г. На тым сходзе, сцэнар якога быў спушчаны з Крамля, прынялі рашэнне аб уваходжанні паўночнай часткі адабраных у Польскай Рэспублікі тэрыторый у склад БССР.

Жонка круговіцкага дэлегата стала дэпутатам Круговіцкага сельскага савета, утворанага ў верасні 1940 г. За гэта М. Купайчык, як успамінаюць кругаўцы, добрая жанчына, паплацілася жыццём: у 1941 г. нямецкія акупанты яе, як, дарэчы, і С. Лелеса, расстралялі ў мястэчку Ганцавічы19.

Тым часам С. Купайчык адсутнічаў у Круговічах. Ён разам з Андрэем Дулікам, старшынёй круговіцкага калгаса, перад прыходам немцаў уцяклі, па меркаванні мясцовага насельніцтва, у Расію.

Падрабязныя і канкрэтныя акалічнасці такога рашэння і саміх уцёкаў застаюцца невядомымі. Аднак у кожным разе відавочна, што камуністычны актывіст ахвяраваў сям’ёю з двума непаўналетнімі дзецьмі (Казікам і Броняй) ці то ў імя партыйных інтарэсаў, ці то дзеля выратавання асабістага жыцця.

З адступленнем нямецкіх акупацыйных уладаў С. Купайчык першым заявіўся ў родную вёску. “Яго паставілі начальнікам млячарні (mleczarnia (польск.) – малочны завод, маслабойня. – А. Т.). А быў у млячарні спірт. Ды Купайчык выпіў таго спірту, то дзён тры не гаварыў, адно варушыўся. Ды пажыў дзён тры і памёр.

Такім чынам, больш маштабных палітычных фігур у Круговічах пакуль не было, а з суседніх вёсак – у лепшым выпадку раўназначныя (напрыклад, Аляксандр Свірыд з Начы, які тройчы абіраўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў сучаснай Рэспублікі Беларусь), але сацыяльная вага С. Купайчыка ў параўнанні з яму падобнымі большая, бо набытая ў часы, гістарычна паваротныя для Беларусі, у часы гарачыя і небяспечныя для асабістага існавання і жыцця родных.

Шавец і камуніст Станіслаў Купайчык памёр у 1945 г. і пахаваны на круговіцкіх могілках. І калі пра яго грамадска-палітычную дзейнасць нам вядома хоць і небагата, але дастаткова, каб склалася ўражанне, дык наколькі добрыя боты вырабляў гэты рамеснік – не сказана ў архіўных дакументах і людская памяць пра гэта маўчыць.

 

1 Gnatowski, Michał: Zgromadzenie Ludowe Zachodniej Białorusi : fakty, oceny, dokumenty. — Białystok: Wydawn. Uniw., 2001. – 340. S. 312; ці: Baza osób polskich — polnische Personendatenbankhttp://www.baza-nazwisk.de/suche.php?data=10430

2Менавіта шаўцом назваў яго паліцыянт у 1922 г., што зафіксавана ў скразе дэпутата Сейма Антона Кардоўскага: ArchiwumAktNowych. Prezydium Rady Ministrów. — sygn. 4457/23, s. 6.http://bs.sejm.gov.pl/F?func=find-b&request=000015489&find_code=SYS&local_base=ARS01. Гл. далей падрабязней.

3 Беженцы Первой мировой войны в Нижегородской губернии// Беженцы Первой Мировой http://bezhentsy-pmv.com/polskkom_k.php

4 Старобин в Первой мировой // Горпоселковая библиэтека http://starbibl.blogspot.com/2014/08/blog-post.htm lабо: Цуба, М. Старобіншчына ў першай сусветнай/ М.Цуба// Шахцёр. — 1997. — 21 студзеня- 14 лютага

5 Польская народная партыя (ПСП) “Вызваленне” (Polskie Stronnictwo Ludowe „Wyzwolenie”, 1915 – 1931) – сялянская левая палітычная партыя ў міжваеннай Польшчы, створана ў 1915. Галоўныя мэты: народная ўлада, свецкая дзяржава, усеагульная і бясплатная адукацыя, радыкальная зямельная рэформа. ПСП цесна супрацоўнічала з Польскай сацыялістычнай партыяй. ПСП улілася ў Сялянскую партыю (Stronnictwo Ludowe).

6 Dziennik Urzędowywojewodztwa Poleskiego, 1922, 27 paźdz, №10. S. 3.

7 Archiwum Akt Nowych.Prezydium Rady Ministrów. — sygn. 4457/23, s. 6.http://bs.sejm.gov.pl/F?func=find-b&request=000015489&find_code=SYS&local_base=ARS01

8 Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Ганцавіцкага р-на. Мн.: БЕЛТА, 1999. С. 114.

9 Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Ганцавіцкага р-на. Мн.: БЕЛТА, 1999. С. 115.

10 Archiwum Akt Nowych w Warszawie, Zespół “KomendaWojewódzka Рolicji Рaństwowej w Brześciu”, sygnatura 2018/13, k. 97-98, 160-161.

11Archiwum Wschodnie przy Ośrodku «KARTA» w Warszawie. Sygnatura 132/162, № 3310 BlinkowskiMikołaj, К. 76.

12 Archiwum Wschodnie przy Ośrodku «KARTA» w Warszawie. Sygnatura 132/162, № 3310 Blinkowski Mikołaj, К. 77.

13 Archiwum Wschodnie przy Ośrodku «KARTA» w Warszawie. Sygnatura 132/162, № 2350 Stawiarz Andrzej, К. 76.

14 Трафімчык А. Іх рэпрэсавала савецкая ўлада. Спіс асуджаных ў 1939 – 1941 гг. жыхароў Вялікіх і Малых Круговіч // Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал http://www.gants-region.info/publ/ikh_rehprehsavala_saveckaja_wlada_spis_asudzhanykh_w_1939_1941_gg_zhykharow_vjalikikh_i_malykh_krugovich/3-1-0-224

15Archiwum Wschodnie przy Ośrodku «KARTA» w Warszawie. Sygnatura 132/162, № 3310 Blinkowski Mikołaj, К. 77.

16 Archiwum Wschodnie przy Ośrodku «KARTA» w Warszawie. Sygnatura 132/162, № 2350 Stawiarz Andrzej, К. 76.

17 Szajka szpiegowska w Pińsku i w powiecie Łuninieckim Leles i inni – informacja // Archiwum Akt Nowych w Warszawie, Zespół “Komenda Wojewódzka Рolicji Рaństwowej w Brześciu”, sygnatura 2018/17 “Działalność inwigilacyjna Policji Państwowej, ustalanie miejsca pobytu, poszukiwanie osób nielegalnie przekraczających granicę. Protokoły z przesłuchań, raporty, korespondencja”, k.190-191. Гл. таксама: Трафiмчык А. Палітычнае жыццё заходнебеларускага насельніцтва “за Польшчай” у сельскай мясцовасці // Ісці на святло лабірынтамі даўніх падзей. Зборнік памяці Віталя Скалабана Мiнск Лімарыус 2013г.

18 Gnatowski, Michał: Zgromadzenie Ludowe Zachodniej Białorusi : fakty, oceny, dokumenty. — Białystok: Wydawn. Uniw., 2001. – 340. S. 312; ці: Baza osób polskich — polnische Personendatenbankhttp://www.baza-nazwisk.de/suche.php?data=10430

19 Успаміны Надзеі Адамаўны Блінкоўскай (у дзявоцтве Трафімчык), 1934 г. н., жыхаркі в. В. Круговічы (зборы аўтара, 2014); Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Ганцавіцкага р-на. Мн.: БЕЛТА, 1999. С. 256.

20Успаміны Марыі Сямёнаўні Заяц (у дзявоцтве Занька) 1920 г. н. Зборы круговіцкага краязнаўца Сяргея Блінкоўскага, 2014 г. За прадастаўленне гэтай інфармацыі аўтар выказвае ўдзячнасць карэспандэнту

Из рубрики