Палітычныя інцыдэнты ў Круговіцкай гміне ў 1922 г. (на аснове скаргаў дэпутата)
У Архіве новых актаў (Варшава) знаходзіцца шмат скаргаў дэпутатаў Сейма Польскай Рэспублікі, у якой народныя абраннікі заступаліся перад рознымі міністрамі ў справе адстойвання інтарэсаў. Многія скаргі датычацца парушэння правоў чалавека. Па адной толькі Круговіцкай гміне некалькі такіх дакументаў.
Пра тое, як жылося заходнім беларусам у Польшчы, спісана гара літаратуры. Са школьнай лаўкі ведаем: гэта быў прыгнёт – сацыяльны і нацыянальны. Але і перабольшваць яго не варта. Пры ўсёй антыбеларускасці польскага рэжыму трэба ўсведамляць ступень чужынскага ўціску.
Некаторыя ж моманты палітычнага жыцця “заходнікаў” здзіўляюць сваім дэмакратызмам. Што праўда, такія праявы характарызуюць толькі першыя гады існавання Заходняй Беларусі ў складзе Польскай Рэспублікі пасля Рыжскага дагавора 1921 г. У далейшым улады “закручвалі гайкі” і афіцыйна паскардзіцца, да таго ж на самым высокім узроўні ў беларускіх сялян магчымасці значна звужаліся.
Такія скаргі называліся інтэрпеляцыямі. Гэта асаблівы від афіцыйнага запыту дэпутата парламента ўраду або якому-небудзь члену ўрада па вызначаным пытанні, права парламента афіцыйна задаваць пытанні ўраду.
У тагачаснай Польшчы парламент складаўся з дзвюх палат – Сейма і Сената. Апошні, аднак адыгрываў ролю меней значную. Адпаведна падзеі, звязаныя з Сеймам, станавіліся ў першы шэраг палітычнага жыцця.
У нашым выпадку правам на інтэрпеляцыю актыўна карыстаўся пасол (так у Польшчы называюць дэпутатаў) Антон Баніфацы Кардоўскі. Адзначым таксама, што А. Кардоўскі не быў мясцовым жыхаром.
Народжаны ў 1892 г. у Варшаве, ён быў абраны ў Сейм на першых пасляваенных выбарах у лістападзе 1922 г. ад выбарчай акругі №60 “Пінск” па спісах Польскай сялянскай партыі “Вызваленне”[1], блізкай да камуністычных поглядаў, якая тым часам праходзіла пад №3 у спісе партый.
Гэта палітычная сіла, як і ўвогуле левыя, мела папулярнасць у Палескім ваяводстве і актыўна выкарыстоўвала парламенцкія рычагі ў абарону насельніцтва. Так, пасол Кардоўскі падаў 65 інтэрпеляцый. Мала хто з яго калег праяўляў большую актыўнасць.
Што датычыцца Круговіцкай гміны, народны абраннік некалькі разоў звяртаўся да Міністра ўнутраных спраў у сувязі з інцыдэнтамі, якія адбыліся з удзелам актывістаў “Вызвалення” – жыхароў названай мясцовасці. Што ж станавілася падставай для такіх высокіх зваротаў?
Агульна кажучы, галоўнай прычынай скаргаў з’яўлялася самавольства паліцэйскіх. Прычым два выпадкі парушэння закона з боку яго ахоўнікаў адбыліся на тэрыторыі згаданай гміны, а трэці – у Лунінцы, павятовым цэнтры. З прымяненнем цытат перакажам змест скаргаў і ахарактарызуем іх.
1. Інтэрпеляцыя дэпутата Антона Кардоўскага і таварышаў з фракцыі ПСП “Вазвыленне” Пану Міністру ўнутраных спраў па справе рабунку сена, здзейсненага камендантам пастарунку паліцыі ў Круговічах Лунінецкага павета Камінскім (люты 1923 г.).
1 кастрычніка 1922 г. жыхар вёскі Лактышы Васіль Мышкавец вёз 20 пудоў сена на кірмаш у Ганцавічы пры тагачасным кошце 1000 марак за пуд. Калі праязджаў праз круговіцкі пастарунак, выйшаў камендант Камінскі і загадаў пакінуць сена пры пастарунку, пры гэтым не заплаціўшы, а сказаўшы, што Мышкавец можа дабівацца сваіх праў у судовым парадку. На завяршэнне А. Кардоўскі ў дыпламатычных формах звяртаўся да Міністра, каб той дапамог аднавіць справядлівасць праз вяртанне селяніну адабранага сена і пакаранне паліцэйскага[2].
2. Інтэрпеляцыя дэпутата Антона Кардоўскага і таварышаў з фракцыі ПСП “Вазвыленне” Пану Міністру ўнутраных спраў па справе супрацьдзеяння выбарчай акцыі і гвалту, здзейсненага камендантам пастарунку паліцыі ў Круговічах Лунінецкага павета Камінскім датычна Спірыдона Аскеркі.
“16 кастрычніка 1922 г. на пасяджэнні акруговай выбарчай камісіі № 18 Лунінецкага павета ў Круговічах камендант мясцовага пастарунка Камінскі ў прысутнасці члена той жа камісіі Антона Германа (не выключана, што Гурмана, бо менавіта гэта прозвішча распаўсюджана ў Вялікіх і Малых Круговічах. – А. Т.) і іншых заявіў:
— Што тому сляпому шаўцу Купайчыку трэба? Я за яго вазьмуся па заканчэнні выбараў. (Купайчык быў кандыдатам на лісце № 3 партыі “Вызваленне”…)
10 лістапада таго ж года каля гміннага ўраду ў Круговічах праходзіў Спірыдон Аскерка ў таварыстве сваіх сяброў, з якімі размаўляў пра праграму ПСП (Польскай сялянскай партыі. – А. Т.) “Вызваленне” і пра выбары ў Сейм і Сенат. У той час наблізіўся да іх Камінскі (камендант пастарунка), які выйшаў з гміннага ўраду з рэвальверам у руцэ, падрыхтаваным да стрэлу, і з крыкам “Маўчаць, бандыты! Я вас застрэлю!” ударыў Аскерку некалькі разоў рэвальверам па галаве, у выніку чаго ў апошняга ўпала шапка, гэтаму ёсць сведкі”.
У заключэнне ізноў-такі аўтар скаргі шляхам звароту да Міністра прагне справядлівасці праз пакаранне паліцэйскага[3].
3. Інтэрпеляцыя дэпутата Антона Кардоўскага і таварышаў з фракцыі ПСП “Вызваленне” Пану Міністру ўнутраных спраў па справе злачынства крадзяжу і гвалту, учыненых паліцыяй станцыі Лунінец адносна асобы Аляксандра Перапечкі, і па справе жорсткага парушэння паліцыяй дэкрэту Начальніка дзяржавы аб супрацьдзеянні выбарчай кампаніі.
23 кастрычніка 1922 г. а 2 гадзіне па поўдні жыхар хутара Кукава Круговіцкай гміны Лунінецкага павета Аляксандр Перапечка знаходзіўся на станцыі Лунінец па зваротнай дарозе з Пінска з акруговага з’езда ПСП “Вызваленне”. У чаканні цягніка, які павінен быў адысці ў кірунку Баранавіч, Перапечка, карыстаючыся правам свабоднай выбарчай агітацыі, размаўляў з ляснымі работнікамі, якія ехалі да той жа, што і ён, станцыі, г. зн. да Ганцавіч.
Тэмаю размовы было галасаванне ў Сейм і Сенат. А Перапечка як правадзейны член ПСП “Вызваленне” агітаваў за №3. Між іншым на пытанне работнікаў, якая ёсць работа ў лесе Дубнякі пад Ганцавічамі, Перапечка тлумачыў, што дрэвы трэба збіраць па ўсім лесе і што на працягу аднаго дня 2 работнікі могуць зрабіць заледзьве два сажні[4], а таксама, што месцамі работнікі атрымліваюць за такую працу прынамсі 20.000[5] марак за сажань.
Тую размову падслухаў адзін з лясных прадпрымальнікаў з таго ж лесу Дубнякі (Глінскі малодшы), які, бачачы, што работнікі, згодныя перад тым на меншы ў разы заробак, могуць адмовіцца ад прапанаванай ім працы, пабег на станцыйны пастарунак паліцыі і прапанаваў каменданту пастарунка затрымаць Перапечку ажно да прыбыцця цягніка ў Баранавічы.
У хуткім часе да Перапечкі камендант пастарунка (№932) падыйшоў у суправаджэнні 2 іншых паліцэйскіх, якія правялі яго (Перапечку) у канцэлярыю пастарунка. У канцылярыі камендант пажадаў ад Перапечкі прадставіцца.
У момант, калі Перапечка дастаў партфель з мэтаю прадстаўлення запатрабаваных дакументаў, камендант вырваў у яго партфель з рук і, выцягнуўшы 9.000 марак (асабістая ўласнасць Перапечкі), аддаў яму толькі 1.000 на начлег, затрымліваючы асатнія 8.000. У далейшым ён (Перапечка) быў абшуканы, асабіста паліцыянтам пастарунка №932 было забрана і парвана пасведчанне даверанай асобы ПСП “Вызваленне” і Народнай лявіцы[6] пры выбарчай камісіі, а таксама перадвыбарчая літаратура і праграмы ПСП “Вызваленне”, якая мелася пры Перапечку.
Урэшце падчас двухгадзіннага ўтрымання Перапечкі на пастарунку здзекаваліся з яго нялюдзкім спосабам і збілі да страты прытомнасці, пасля чаго, ужо як адыйшоў цягнік, той жа камендант пастарунку са словамі: “Калі ты, мярзотнік, будзеш агітаваць людзей за тройку (пад гэтым нумарам па спісах ушла на выбары ПСП. – А. Т.), то усё роўна кулю ў лоб атрымаеш”, – выгнаў Перапечку з канцэлярыі.
Перапечка па вяртанні дадому цягам 6 дзён ляжаў хворы. Адносна вышэйапісаных… супрацьпраўных паводзін прадстаўніка ўлад публічнай бяспекі падпісанты пытаюць пана Міністра ўнутраных спраў, ці вядомы яму вышэйапісаны факт, а калі не, то што пан Мінстр мае намер прадпрыняць, каб
1) неадкладна вярнуць атрымаўшаму пашкоджанні Перапечку зрабаваныя ў яго паліцыянтам пастарунка №932 8.000 марак;
2) неадкладна ўзбудзіць дзейснае следства супраць выканаўцаў таго гвалту, г. зн. як паліцыянтаў, так і каменданта паліцыі ў Лунінцы і старасты павета, якія, будучы абавязаныя, не здолелі, як відаць, навучыць падуладных функцыянераў паліцыі паняццю пра падставовыя асновы свабоды перадвыбарчай агітацыі, іх незнаёмасць з асновамі стала, несумненна, адной з прычын злачынства крадзяжу і гвалту, здзейсненых паліцыянтамі пастарунка №932 стасоўна асобы дзеяча ПСП “Вызваленне” Перапечкі; а таксама ці пан Міністр не быў бы схільным аддаць паліцыянта пастарунка №932 у рукі Ураду вымярэння справядлівасці за здзейсненыя ім вышэйапісаныя злачынствы падчас выканання службы і за парушэнне прадпісанняў дэкрэта Начальніка дзяржавы ад … студзеня 1919 г. аб супрацьдзеянні выбарчай акцыі[7].
Дакументы 1923 г. дазваляюць зрабіць наступныя высновы.
- У Круговіцкай гміне да арганізацыі (кастрычнік 1923 г.) КПЗБ дзейнічала іншая партыя і мела актывістаў.
- Дэпутаты добрасумленна выконвалі свае абавязкі, ўскладзеныя на іх выбаршчыкамі.
- Шэраговыя сяляне на Заходняй Беларусі ўдзельнічалі ў вялікай палітыцы і былі членамі палітычных партый.
- Звычайныя вяскоўцы балатаваліся ў дэпутаты вышэйшых дзяржаўных органаў.
- Дзякуючы дакументацыі мы ведаем імёны актывістаў (С. Купайчык потым стаў камуністам, а ў 1939 г. – дэпутатам Народнага схода).
- За беларускіх сялян заступаліся на самым высокім узроўні – урадавым!
- Заступніцтва здзяйсняў абраны па спісах дэпутат А. Кардоўскі. У выпадку яго неабрання хадайніцтва не адбылося б і факты парушэння закона хутчэй за ўсё засталіся б неразгледжанымі.
Многія моманты сведчаць пра элементы дэмакратычнай сістэмы ў адроджанай Польшчы. Некаторыя пункты сёння – у незалежнай Беларусі – практычна немагчымыя.
Пік інтэрпеляцый прыпаў на 1923 г. пачатак кадэнцыі першага Сейма Польскай Рэспублікі. У далейшым колькасць скаргаў імкліва зніжалася. Але не таму, што жыць станавілася лепей. Якраз наадварот. Польская ўлада ўмацоўвалася на тэрыторыях, дзе пераважалі нацыянальныя меншасці.
Таму дыктат павялічваўся, а магчымасці адстойвання сваіх спраў пагаршаліся. У прыватнасці па Круговіцкай гміне інтэрпеляцый больш не знаходзілася. А ў цэлым па Польскай Рэспубліцы колькасць такіх скаргаў за лічаныя гады зменшылася шматкроць.
[1] Польская сялянская партыя “Вызваленне” (Polskie Stronnictwo Ludowe „Wyzwolenie”, 1915 – 1931) – сялянская левая палітычная партыя ў міжваеннай Польшчы, створана ў 1915. Галоўныя мэты: народная ўлада, свецкая дзяржава, усеагульная і бясплатная адукацыя, радыкальная зямельная рэформа. ПСП цесна супрацоўнічала з Польскай сацыялістычнай партыяй. ПСП улілася ў Сялянскую партыю (Stronnictwo Ludowe).
[2]Archiwum Akt Nowych. Prezydium Rady Ministrów. — sygn. 2689/23, s. 4-5.
[3] Archiwum Akt Nowych. Prezydium Rady Ministrów. — sygn. 4457/23, s. 6. http://bs.sejm.gov.pl/F?func=find-b&request=000015489&find_code=SYS&local_base=ARS01
[4] Старая адзінка меры даўжыні, роўная прыкладна 2 метрам.
[5] Валюта, якая існавала ў Польскай Рэспубліцы да 1924 г., калі была заменена на злоты па курсе 1.800.000 марак за 1 злоты. Марка характарызавалася імклівым абясцэньваннем. Таму складана сказаць, якую вартасць мелі 20.000 марак ва ўказаны час, але дакладна вельмі малую.
[6] Народная лявіца – Польская сялянская партыя Лявіца (1914 – 1924) – палітычная партыя народнага характару. Заснавальнік партыі Джон Stapiński. Мэтай партыі з’яўлялася здабыццё для найшырэйшых мас чым лепшых умоў жыцця і развіцця ва ўсіх адносінах – як матэрыяльных, так і культурных. Партыя ўлілася ў Сялянскі саюз (Związek Chłopski).
[7] Archiwum Akt Nowych. Prezydium Rady Ministrów. — sygn. 2729/23, s. 4-5.
Новости
- 10:59 Беларусь уходит в форель: старые рыбхозы в убытках, новые – в планах
- 16:00 Как всего несколько ложек мёда в день могут изменить ваше здоровье
- 14:30 Как быстро и легко остановить понос народными средствами!
- 22:44 Парень из Бреста после болезни в армии перенес онкологию и потерял глаз
- 09:20 Готовим и едим в Лиссабоне – мастер-класс по закускам
- 09:18 Четыре дня ткачества в Лиссабоне – как проходит ретрит у мастера
- 17:33 Дельфины под Лиссабоном – как проходит морская прогулка и сколько стоит
- 15:24 Рыбалка в Атлантике у Лиссабона – как проходит тур и что можно поймать
- 15:37 По следам тамплиеров и королей — один день, который объединяет средневековую Португалию
- 14:45 День с рыбаками в Кашкайше – как это устроено и стоит ли пробовать
Из рубрики
Даяркі з Кукава ў Ганцавіцкім раёне атрымліваюць адзнакі за малако
Як у школе з амаль «савецкай» сістэмай, ужо два тыдні працуюць даяркі ААТ «Дубнякі» Ганцавіцкага раёна, якім кожны дзень выстаўляюць адзнакі за якасць надояў. Па словах работніц сельгаспрадпрыемства, каб павысіць якасць малака, такую матывацыю ўвёў кіраўнік калгаса Уладзімір Грыгаран.