Калгаснае жыццё, альбо Вяртанне прыгону
У мінулым нумары я расказаў вам, як жылося звычайнаму селяніну да стварэння калгасаў і як праходзіла калектывізацыя. У гэтым нумары я прадаўжаю аповед пра тое, як жылося людзям у калгасе і чаму іхняе жыццё на пачатку стварэння калектыўных гаспадарак можна параўнаць з прыгонным правам, якое праіснавала да 1861 года. Гэты аповед пададзены праз успаміны людзей – сведкаў тых падзей.
Так рвалі і вязалі ў снапы лён у адным з калгасаў на Ганцаўшчыне
Праца ў калгасе
Калгаснае жыццё вымагала ад людзей цяжкай фізічнай працы, бо сельская гаспадарка знаходзілася практычна ў тым жа стане, што і пры царскай уладзе. Хоць у краіне Саветаў і надалей грымела індустрыялізацыя (у прамысловасці на месца людзей пачала прыходзіць тэхніка, развіваліся металургія і энергетыка), але на вёсцы працаваць даводзілася без трактароў і камбайнаў. Зямлю апрацоўвалі старым дзедаўскім метадам – на конях.
Яніна Адамаўна Занька (у дзявоцтве Трафімчык):
– Землю ў калхозе заворвалі ўручную. А потым ужэ і трактары пайшлі. А картофлю заворвалі і разворвалі канём. Не было гэтых трасілак і саджалак. І баба Альзьбета твая разворвала, (Блінкоўская Лізавета Адамаўна, у дзявоцтве Трафімчык). На яе ж тыя разы казалі “салдат”. Мужчынаў як няма, то Альзьбета возьме каня ды разворвае.
Як разаруць – цэлы дзень капаеш нагнёны. Прыехалі неяк з Ганцавіч, з райкома парціі. А бабы то прыпыняцца і перагаворваюцца, то зноў капаюць. А начальнік нейкі дый спытаў, чаму гэта жэншчыны не капаюць. А твая баба і кажа: “От пачакайце, мы капаем, грабём картоплю. А давайце вы не збірайце картофлю, нічога не рабіце, але нагніцеся і з канца ў канец нагнёныя прайдзіце. І будзеце бачыць, які наш лёгкі труд! А вы хочаце, каб мы і не адагнуліся!” А ён сціх і нічога не сказаў.
Восенню застаўлялі капаць сначала калхозную картофлю, але каб толькі не сваю перш. І ішлі калхознікі дый капалі хто развораную канём, а хто і ўручную. А сваю капалі ўжэ пазней. Бывала, украдкамі разаруць і пойдуць сваю капаць. То прадсядацель прыйдзе і кашы паломіць: чаму капаеш перш сваю, а не калхозную?
А картофлю капалі ўсю разам… і ў капцы засыпалі. У гасударство здавалі. А вясною перабіралі: насенку аддзельно, а дробную аддзельно – што каровам на корм, а што на насенне.
Каровам на корм садзілі турнэпс, а ўжэ патом началі буракі садзіць. Лубін сеялі, тожа на корм. А потым дзяцей са школы адпраўлялі… рваць гэтыя струкі на насенне, а так камбайн зжынаў.
Просо сеялі, лён, жыто, авёс. Траву калхозным каровам косамі касілі. Давалі на балоце дзялкі. Дадуць участак – і ідзі касі… Дзесяць коп накосіш, дык дзевяць – у калхоз, а дзясятая – табе. От як было. Як завязуць на балото, дык тыдзень там косіш. А потым завязуць на цэлы тыдзень грабці сена. Там і стагі ставілі, а ўжэ як замерзне балото зімою, ездзілі падводамі забіралі. А на восень бліжэйшыя былі сенакосы: дзе тут, ускрозь паплавы, паўз лес… туды пад Піліпа… пад Мельнікі… дзе Сымонко жыве, Пятун, там жа тожа былі сенакосы. Едуць мужчыны ў калхоз, а бабы-ўдовы або каторым і мужчыны не накосяць… ішлі пасля іх ацярушанае збіраць, каб да вясны як карову дакарміць. От такая была добрая жытка.
Надзея Адамаўна Блінкоўская (у дзявоцтве Трафімчык):
– Жыто, лён, просо – усё ўручную жалі. І трэба было палоць і лён, і просо. Лён жнуць, потым б’юць… – пранікамі білі. А потым, як высахне лён, то галоўкі пракручвалі круцёлкамі, каб раструшчыць і семя каб высыпаласё. А потым слалі лён. Калі ён высахне, падымаюць і вяжуць у снапы. А тады ўжэ вязуць церці і трапаць.
Віктар Адамавіч Трафімчык:
– Асушылі Бабовішча, Чмелішча. А сядзяць на грудку разумныя людзі: Аскерка, Алесь Пянькоў – і гавораць, што некалі з гэтых загонаў нашых самі людзі больш хлеба здавалі ў гасударство, чым калхоз з нашых загонаў пасля.
Яніна Адамаўна Занька:
– Калхознікі ж тожа плацілі налогі.
Надзея Адамаўна Блінкоўская:
– Плацілі і за соткі страхоўку, але плацілі ўжэ грашыма.
Яніна Адамаўна Занька:
– Нікога не валнавало, дзе ты возьмеш грошы. Я сама рабіла чатыры годы, і не за трудадзень, а за палачкі. Мне паўпалачкі ставілі за дзень, а за два дні палачку – тады трудадзень ўжэ шчытаўся. Я і пошту насіла. Чатыры гады рабіла калхозным паштальёнам, як сем класаў школы закончыла.
Віктар Адамавіч Трафімчык:
– Як калхоз арганізаваўся, то не плацілі дзе-то да 60-го года.
Надзея Адамаўна Блінкоўская:
– За трудадзень давалі грамы-грамачкі. За год не ў мяшках, а ў торбачках палучалі. Склады калхозныя некалі былі ў Валодзікавым і Ясевым гумнах. За трудадзень назначалі 20–30 грам.
Яніна Адамаўна Занька:
– За той трудадзень давалі паўкілаграма якіх-то адходаў, каторыя куры нават не дзяўблі. Але ж малолі людзі ды пяклі хлеб. Вродзе было жыто, зярно. Але яно было са смеццем і зеллем. І давалі ў канцы года… І мо паўкілаграма выходзіла тых апілак.
Віктар Адамавіч Трафімчык:
– Я ў арміі служыў у 60-ым гаду. Мне пісьмо прыслалі. У першую палучку палучылі 200 грам гнілое грэчкі і 20 капеек за трудадзень. Нам зампаліт прачытаў пастанаўленне Хрушчова, што за дзень даюць 1 кілаграм і 1 рубель. А я не выдзяржаў, ды на яго кажу: “ Як можна так лгаць? Вазьміце ў мяне ў тумбачцы пісьмо і прачытайце, што мы палучылі за гэты трудадзень. І пасля таго мяне не садзілі ніколі на палітзаняція.
Надзея Адамаўна Блінкоўская:
– Як нарасце картофлі ў калхозе ці буракоў, то ўдзеляць якіх пару кілаграмаў. Але і гэта ўжэ пазней, як калхоз крыху падняўся. Калі давалі, а каторы год то і нічога не давалі.
Яніна Адамаўна Занька:
– А рабілі ад відна да цёмнаго ў брыгадзе. Выхадны быў толькі ў нядзелю. Але калі сеялі, сено касілі, жыто жалі, картофлю капалі, то выхадных зусім не было. Мы памагалі маме дзялкі палоць, буракі, кукурузу палолі, лён палолі, жыто жалі і лён уручную рвалі.
Праца на цагельным заводзе
Яніна Адамаўна Занька:
– На цагельню сначала хадзілі бацько, Маня, Альзьбета (старэйшыя сёстры Яніны Адамаўны), а я дзе-то ў 60-ым годзе пайшла туды.
Калі цагельня адкрылася, я яшчэ чуць-чуць помню. А да гэтаго яе не было. Можа, і пры паляках яшчэ была, не ведаю. Коней у дзве пары, а мо і тры запрагалі… Гліну прывозілі… злівалі яе вадою і коней ганялі па ёй, каб мясілі нагамі. Тады былі пароблены драўляныя формачкі… Бралі тую гліну жанчыны, клалі ў формачкі і ляпілі цэглу ды ў печы выпальвалі. Потым гэту цэглу сушылі і рабілі печ. Казалі, печ гэту строіў нейкі Кохман.
І ўручную капалі, а вазілі на машынах, раней і на падводах вазілі. Я помню, як наш пакойны сусед Адам на самазвальчыку вазіў гліну. Грузіла твая баба, я яе падмяняла.
І ў начную змену рабілі. Брыгады былі, у кожнай па 12 чалавек. На выхадны ішлі па чарзе, па адным. А як у печы на выгрузцы рабілі, то бывало і без выхадных. Ля прэса быў маторчык, і ад яго свет быў. Прэс пабудавалі яшчэ ў 50-х гадах. А гліну капалі, дзе цяпер Сіняе. Дуброўскія, Тэклінай Ніны бацько, Мэшко, Ян – яны ўсё там гліну капалі. А зараблялі тожа ерунду, хоць і гліну капалі. Цяжко было…
***
Каб зразумець усю цяжкасць жыцця на вёсцы ў той час, мала асобнага разгляду працы ў калгасе і на цагельным заводзе. Для гэтага неабходна разглядаць усе сферы жыцця селяніна-калгасніка: прыватную гаспадарку, і паўсядзённы побыт, і нават тое, што мелі сяляне на сваім стале. Тады з гэтага ўсяго складзецца больш-менш аб’ектыўная карціна і можна будзе цалкам уявіць, чым займаліся сяляне на вёсцы, што елі, што апраналі, як працавалі і адпачывалі.
Я мяркую падрыхтаваць цэлую серыю артыкулаў па гэтай тэме, каб кожны зацікаўлены чытач мог пазнаёміцца з паўсядзённым побытам калгасніка. І ўсё гэта зноў будзе выключна праз успаміны відавочцаў гэтых падзей.
Новости
- 10:59 Беларусь уходит в форель: старые рыбхозы в убытках, новые – в планах
- 16:00 Как всего несколько ложек мёда в день могут изменить ваше здоровье
- 14:30 Как быстро и легко остановить понос народными средствами!
- 22:44 Парень из Бреста после болезни в армии перенес онкологию и потерял глаз
- 09:20 Готовим и едим в Лиссабоне – мастер-класс по закускам
- 09:18 Четыре дня ткачества в Лиссабоне – как проходит ретрит у мастера
- 17:33 Дельфины под Лиссабоном – как проходит морская прогулка и сколько стоит
- 15:24 Рыбалка в Атлантике у Лиссабона – как проходит тур и что можно поймать
- 15:37 По следам тамплиеров и королей — один день, который объединяет средневековую Португалию
- 14:45 День с рыбаками в Кашкайше – как это устроено и стоит ли пробовать
Из рубрики
Даяркі з Кукава ў Ганцавіцкім раёне атрымліваюць адзнакі за малако
Як у школе з амаль «савецкай» сістэмай, ужо два тыдні працуюць даяркі ААТ «Дубнякі» Ганцавіцкага раёна, якім кожны дзень выстаўляюць адзнакі за якасць надояў. Па словах работніц сельгаспрадпрыемства, каб павысіць якасць малака, такую матывацыю ўвёў кіраўнік калгаса Уладзімір Грыгаран.