Правядзенне калектывізацыі ў нашай вёсцы па ўспамінах кругаўцоў
землякі ў часы савецкай калектывізацыі, як арганізоўваліся калгасы. Некаторыя з іх нават запісваў на дыктафон. А нядаўна была нагода вярнуцца да аўдыёзапісаў, і я вырашыў прапанаваць чытачам “ГЧ” вытрымкі з аповедаў па тэме калектывізацыі. Пра тое, як жылі нашы прадзеды, дзяды і бабулі ў тыя нялёгкія часы, як іх заганялі ў калгасы, як яны расставаліся са сваёю зямлёй і са скацінаю, раскажуць сведкі тых падзей – жыхары вёскі Вялікія Круговічы (на жаль, адзін з іх, В.А. Трафімчык, ужо пайшоў з жыцця – заўв. аўтара).
Правядзенне калектывізацыі ў нашай вёсцы па ўспамінах кругаўцоў / Фото: Сергей Блинковский
Савецкае жыццё без калгасаў
У снежні 1927 года было прынята рашэнне аб правядзенні калектывізацыі на тэрыторыі СССР і БССР. Сталін на ХV з’ездзе ВКП(б) адным росчыркам пяра падпісаў смяротны прысуд мільёнам так званых “кулакоў” і знішчыў мільёны сялян-гаспадароў. Гэтыя страты адчувальныя нават сёння. Пэўна, і вашы родныя ці сваякі прайшлі праз жорны савецкага прыгоннага права. З 1928 года распачалася непасрэдная рэалізацыя гэтага рашэння.
На тэрыторыі нашага раёна калектывізацыя пачалася толькі пасля 1939 года і праходзіла да 1941 года. Узнавілася яна ў поўным аб’ёме толькі пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Спачатку вясковаму насельніцтву далі крыху акрыяць пасля спусташальнай вайны, каб потым канчаткова кінуць у ціскі савецкага прыгоннага права.
Першыя пасляваенныя гады былі досыць цяжкія. Амаль усё працаздольнае мужчынскае насельніцтва з вызваленых тэрыторый папоўніла шэрагі Чырвонай Арміі. Працаваць і ўзнімаць разбураную краіну давялося старым, жанчынам і дзецям.

Вось як апісвае тыя гады жыхарка Вялікіх Круговіч Надзея Адамаўна Блінкоўская (у дзявоцтве Трафімчык): “У 44-ым, калі тата пайшоў на фронт, то ўсім камандаваў дзед. Вучыў і перавяслы рабіць, снапы вязаць, мэндлікі ставіць. Пасля вайны дык зусім было пару год трудно. І з ядою, і з адзежаю. Свае зямлі было багато… палянкі ў лесе былі – два ці тры гектары было. Самі тыя палянкі бралі і карчавалі лес уручную, разраблялі. Рабілі палянкі сотак па 30.., можа менш, можа больш. Бо так зямлі не было… кусты дралі і рабілі поле. Гэта Саветы потым парабілі палі, раскарчавалі лес, канавы парабілі. Гаравалі, пака абжыліся. Жабравалі”.
Сітуацыя яшчэ ўскладнялася тым, што даводзілася выплачваць вялікія харчовыя падаткі.
Віктар Адамавіч Трафімчык: “Карову трымалі, то таго малака, масла ні хватало, каб заплаціць падаткі. Ды яшчэ хадзілі ў людзей куплялі на тое, каб падаткі заплаціць”.
Як успамінае Яніна Адамаўна Занька (у дзявоцтве Трафімчык), падатак даводзіўся амаль на ўсё, што вырошчвалі: “Рабілі перапісь курэй і тожа даводзілі план, колькі яец должан здаць. Картофлю садзілі, дык тожа даводзілі, колькі здаць, гэдак жа і зярна.
А свіней як калолі, то застаўлялі шкуру злупіць і здаваць у гасударство. То людзі, каб не здаваць шкуру, свіней ганялі ў лес калоць і там саломаю смалілі. А на карову даводзілі план, колькі масла должан здаць.
А патом, як калхоз арганізаваўся, тыя, хто ўступіў у калхоз, пераставалі здаваць гэтыя падаткі”.
Арганізацыя калгасаў
Пачынаючы з 1949 года, на заходніх тэрыторыях Украіны і Беларусі савецкая ўлада распачала стварэнне калектыўных гаспадарак, так званых калгасаў. Як і ва Усходняй Беларусі, гэтыя працэсы не праходзілі так гладка, як хацелася б савецкаму кіраўніцтву. Сяляне не спяшаліся ўступаць у калгасы, таму людзей даводзілася заганяць у калектыўныя гаспадаркі сілком.
Вось як апісваюць і характарызуюць тыя падзеі жыхары Вялікіх Круговіч

Яніна Адамаўна Занька: “Сначала, адно як арганізаваўся калхоз, ён называўся “Імя Талбухіна”. Гэто недзе ў 53-ым годзе было. Хадзілі і сілаю застаўлялі, адбіралі ў людзей усё, што было. Бацьку нічога не заставалася, і ён сам здаў каня, вупраж. Нашаго бацьку хацелі вывезці, што не ўступаў у калхоз. Але ж у нас сям’я была вялікая – сем дзяцей малых. Не помню, у які клас хадзіла, мо ў чацвёрты. Ды неяк прыбегла з голасам, што бацьку забіраюць. А бацька тады ў цагельні рабіў.
У Ежыкавай старой хаце была кантора цагельнага завода. Бацьку майго, Раманка пакойнаго, Юрка Маркаваго (усе яны тады на цагельні рабілі) зачынілі ў той хаце. Бо іх нібыта тожа ўжэ лічылі адзіналічнікамі.
Мама тады хворая была. А мы сабраліся ўсёй сям’ёй: Жэня, я, Маня, Віця – ды пабеглі, ды як атакавалі і сталі галасіць! Там чалавек нейкі быў, як сёння помню, у кажуху, паглядзеў на нас, дзяцей: “Ай, пускай остаётся, детей гадуе!” А так забралі б і бацьку, каб мы не прыбеглі. Казалі, на Нарыльск, вродзе, тады адпраўлялі. А астатніх тады ўсіх забралі. Але колькі іх тады было, не ведаю.
Нашаго свата, Колі Барысавага, дзед вродзе ў Нарыльск быў сасланы. Грышка зваўся. Я помню, як ён вярнуўся са ссылкі. Казалі ўсё: “Грышко, Грышко прыйшоў са ссылкі!” Але вярнуўся і ўсяго дзён пару пажыў. Тады ўсе збіралі жалуды і здавалі ў гасударство. А ён прыйшоў ды тожа пайшоў у жалуды. А ішоў з жалудоў, ды на каменьчыку прысеў і памёр.
Багато было тых, хто доўга не ўступаў у калхоз. А пасля паглядзелі, што так цяжко (тыя, хто не ўступіў у калгас, былі вымушаны плаціць вялікія падаткі – заўв. аўтара), то тожа ўступілі. Адзіналічнікамі былі Турак, Аднаяйко, Пятун. Турак і Аднаяйко да смерці адзіналічнікамі лічыліся, бо ў калхоз так і не ўступілі”.

Віктар Адамавіч Трафімчык: “У калхоз з Усходу прыязджалі і агіціравалі ўступаць. Ды казалі: «Разве у вас лошади, что пятеро удержать не могут. Вот у нас в колхозе лошади! Всем колхозом одного удержать не могут.» Толькі потым людзі панялі, што значылі гэтыя словы. Утрымаць не маглі, бо ад голаду іх коні на нагах стаяць не маглі, не то што каб нешта рабіць на ім. Коні, плугі, бароны забіралі, а ў каго дзве каровы было, то адну забіралі. У нас хлеў пакінулі, а гумно забралі ў калхоз.
У нашага бацькі (Адама Паўлавіча Трафімчыка – заўв. аўтара) быў конь цяжалавес. Яго бацька аддаў у калхоз. Па балоце ні адзін конь не мог так ісці, як ён. Дык потым ішоў – не капытамі ступаў, а на каленях ішоў. Часам ён прыходзіў дадому, і мы яго кармілі.
У лесе хаваліся. Зімою і летам хаваліся, каб не заставілі падпісацца на ўступленне ў калхоз. А то арыштуюць і суткамі дзяржаць. Падпішыся і ўсё.
Бацька на цагельным заводзе ў Круговічах працаваў, дык яго застаўлялі ісці ў калхоз, а ён сказаў: “Памру, але не пайду!”
Надзея Адамаўна Блінкоўская: “Вывозілі некалі стражнікі. Уночы вывозілі… раскулачвалі. Усіх кулакамі называлі.”
Віктар Адамавіч Трафімчык: “Каб выжыць неяк, то летам грыбы, ягады збіралі і насілі прадаваць на базар, каб зарабіць якую капейчыну. І ў калхоз стараліся не ўступаць, а на цагельню пайсці рабіць, бо там трохі плацілі. Трудно, трудно было. Зажымалі, каб толькі ў калхозе рабілі. На праізводство не пускалі. Ды яго і не было, толькі патом далі ўстройвацца на кірпічны, сушыльны. А ўжэ Брэжняў разрашыў, і можна было свабодно ўстроіцца на работу куды хоч (ад аўтара: у 1974 годзе сялянам былі выдадзены пашпарты, што і дазволіла сялянству змяняць месца жыхарства і месца працы. Да гэтага сяляне не мелі пашпартоў і не мелі права выязджаць з вёскі ў горад на працу і мяняць месца жыхарства).
У 1958-ым годзе брук лажылі з Ганцавіч і да Круговіч, а патом на Мельнікі, да лесу. А патом і на Кукаво павялі. І я тады зарабіў 1000 рублей. Тады гэто былі вялікія грошы!”
Надзея Адамаўна Блінкоўская: “У калхозе, ужэ пазней, як сталі плаціць, то плацілі 20–30 рублёў. А як 40, дык гэта вельмі багаты заробак.”
У тыя суровыя і жахлівыя часы амаль цалкам было знішчана жаданне вяскоўцаў стаць паўнавартасным гаспадаром на сваёй зямлі. Гэтае жаданне было знішчана нават на генетычным узроўні. А колькі было знявечаных лёсаў!
Пра прымусовае раскулачванне ў часы СССР гаварыць забаранялася, і нават зараз у падручніках фактаў пра прыгнёт і камуністычнае насілле вы знойдзеце няшмат. Але ёсць яшчэ жывыя сведкі, якія добра памятаюць, як рабілі “шчаслівымі” савецкіх людзей. Калі паслухаеш іх гісторыі, становіцца зразумелым, што выглядае ўсё далёка не так, як пішуць у падручніках, падганяючы кожны раз факты пад пэўную ідэалогію. Кажуць, што гісторыя рухаецца па спіралі і некаторыя моманты паўтараюцца. Не хацелася б, каб паўтаралася тое, што перажылі нашы продкі ў выглядзе якой-небудзь калектывізацыі-прыхватызацыі. Вось таму варта ведаць сапраўдную гісторыю і не насіць увесь час ружовыя акуляры.
Новости
- 10:59 Беларусь уходит в форель: старые рыбхозы в убытках, новые – в планах
- 16:00 Как всего несколько ложек мёда в день могут изменить ваше здоровье
- 14:30 Как быстро и легко остановить понос народными средствами!
- 22:44 Парень из Бреста после болезни в армии перенес онкологию и потерял глаз
- 09:20 Готовим и едим в Лиссабоне – мастер-класс по закускам
- 09:18 Четыре дня ткачества в Лиссабоне – как проходит ретрит у мастера
- 17:33 Дельфины под Лиссабоном – как проходит морская прогулка и сколько стоит
- 15:24 Рыбалка в Атлантике у Лиссабона – как проходит тур и что можно поймать
- 15:37 По следам тамплиеров и королей — один день, который объединяет средневековую Португалию
- 14:45 День с рыбаками в Кашкайше – как это устроено и стоит ли пробовать
Из рубрики
Даяркі з Кукава ў Ганцавіцкім раёне атрымліваюць адзнакі за малако
Як у школе з амаль «савецкай» сістэмай, ужо два тыдні працуюць даяркі ААТ «Дубнякі» Ганцавіцкага раёна, якім кожны дзень выстаўляюць адзнакі за якасць надояў. Па словах работніц сельгаспрадпрыемства, каб павысіць якасць малака, такую матывацыю ўвёў кіраўнік калгаса Уладзімір Грыгаран.