Землякі, імёнаў якіх няма на абелісках

Другая сусветная вайна адняла шмат жыццяў нашых землякоў. Большасць іх палегла на савецка-германскім фронце. Нядаўна адшуканы звесткі яшчэ пра дзве ахвяры той бойні – агароўца Мікалая Боўта і кругаўца Януша Мехяржынскага, якія загінулі на тэрыторыі Заходняй Еўропы.

Салдат Арміі Андэрса Януш Мехяржынскі
Салдат Арміі Андэрса Януш Мехяржынскі

Чаму беларусы ваявалі на Захадзе? Сёння мала хто ведае, што беларусы-“заходнікі” ваявалі супраць гітлераўцаў не толькі ў Савецкай Арміі ці партызанах. Нашы землякі змагаліся ў Войску Польскім. Спачатку – у верасні 1939 г., калі Германія напала на Польскую Рэспубліку, у выніку разграміўшы апошнюю. Затым – на Заходнім фронце (у Італіі і Францыі). У першым выпадку беларусы былі прызваны ў Войска Польскае, бо з’яўляліся грамадзянамі Польшчы. Другі выпадак больш складаны. Справа ў тым, што спачатку (у 1939 – 1941 гг., калі савецкая ўлада прыйшла ў Заходнюю Беларусь) многія нашы землякі ў якасці патэнцыйных ворагаў бальшавікоў былі рэпрэсаваны і вывезены “да белых мядзведзяў”. А калі пачалася вайна Савецкага Саюза з Германіяй, дык Польшча з непрыяцеля зрабілася саюзнікам. Таму савецкім кіраўніцтвам ёй было дазволена фарміраваць свае ўзброеныя сілы з былых грамадзян даваеннай Польскай Рэспублікі, у тым ліку – з рэпрэсаваных і дэпартаваных. Так рабілася пры ўмове прызнання ахвярамі савецкага рэжыму свайго польскага паходжання. Не дзіўна, што многія беларусы, пакаштаваўшы ў тайзе камунізму, з лёгкасцю прымалі рашэнне запісацца палякамі і станавіліся пад штандары арміі польскага генерала Андэрса. Такім чынам, па-першае, тыя добраахвотнікі пазбаўляліся катаржнай працы на поўначы, а па-другое, назаўсёды ратавалі сябе і свае сем’і ад улады бальшавікоў, якую па зразумелых прычынах паспелі ўзненавідзець. З устаноўленых намі больш чым 40 жыхароў Вялікіх і Малых Круговіч, якія былі падвергнуты рэпрэсіям у выглядзе вывазу ў глыб Расіі, не менш паловы вырашыла выкарыстаць дамоўленасць Савецкага Саюза і Польшчы аб вызваленні польскіх грамадзян, якім была абвешчана спецыяльным указам амністыя. Восенню 1941 г. людзі былі вызвалены, а мужчыны прызыўнога ўзросту сталі жаўнерамі польскіх вайсковых частак. Тое, што шматлікія беларусы таксама імкнуліся выкарыстаць прадастаўленае палітычнай сітуацыяй выратаванне, ведаў Сталін. Ён спытаў у генерала Андэрса, навошта ім не толькі палякі, але і беларусы. На гэта быў дадзены адказ, што беларусы ў верасні 1939 г. праявілі сябе вельмі добрымі воінамі. Выпадкі вяртання “андэрсаўцаў” пасля вайны ў родныя вёскі сярод нашых землякоў адзінкавыя. Савецкай улады землякі баяліся і не верылі, што яна пасля перамогі стане лепшай. Большасць іх асела ў Польшчы, але не ўсе і дажылі да заканчэння вайны: з ліку беларусаў у Арміі Андэрса на франтах вайны загінула 1583 чалавекі. Іх імён няма на нашых абелісках.

Салдат Арміі Андэрса Януш Мехяржынскі

Ураджэнец в. Вялікія круговічы Януш Мехяржынскіпахаваны на могілках у г. Лангагры ў Францыі

Нядаўна прозвішчы двух нашых землякоў, якія склалі галовы ў барацьбе супраць фашызму на франтах Заходняй Еўропы, удалося ўстанавіць. Гэтыя людзі маюць не меншае права на ўшанаванне і нашу памяць, чым тыя, хто загінуў, ваюючы ў Савецкай Арміі. Адзін з іх, Мікалай Боўт, нарадзіўся ў 1919 г. ў вёсцы Агарэвічы. Служыў старшым стралком у 15-ым батальёне Арміі Андэрса. Згінуў без звестак 12 мая 1944 г. у вядомай бітве пад Монтэ-Касіна – добраўмацаваным італьянскім горадам, за які ішлі баі паміж заходнімі саюзнікамі (у тым ліку польскімі часцямі) і нямецкімі войскамі ад 17 студзеня да 19 мая 1944 г. Як бачым, інфармацыя пра лёс Мікалая Боўта абрываецца за тыдзень да завяршэння бітвы. Мяркуючы па прозвішчы, а таксама па ўстаноўленым праваслаўным вераспавяданні, Мікалай Боўт быў карэнным агароўцам. Значыць, сёння гэтыя радкі могуць чытаць яго сваякі. Другі наш зямляк, Януш Мехяржынскі, нарадзіўся 19 лістапада 1905 г. у Вялікіх Круговічах. Служыў плутановым (званне падафіцэра накшталт прапаршчыка) у 1-й Польскай танкавай дывізіі. Загінуў 10 жніўня ў паўночна-ўсходняй Францыі (горад Ланганры – Langannerie). Мяркуючы па прозвішчы, Януш Мехяржынскі меў польскае паходжанне. Яго бацькі хутчэй за ўсё аднекуль прыехалі жыць у Круговічы. Дарэчы, род Мехяржынскіх даволі вядомы ў Польшчы. Аднак у Круговічах гэтага чалавека наўрад ці будуць памятаць (як паказваюць нашы доследы, тутэйшыя людзі не схільны запамінаць інфармацыю пра лёсы чужынцаў, нават тых, з кім даводзілася жыць побач). Тым не менш адрасуем усім, хто чытае гэтыя радкі, просьбу: калі нехта мае хоць трохі звестак пра названых асобаў, няхай паведаміць (а лепей напіша аповед) у рэдакцыю або на электронны адрас [email protected]. Давайце разам ушануем памяць пра землякоў, якія змагаліся за нашы з вамі мірныя дні.

Из рубрики