Ці заслугоўвае Ленін помніка ў Беларусі?

Дзевяноста гадоў таму, 21 студзеня 1924 года, памёр Уладзімір Ільіч Ленін. Большасць сённяшніх маладых людзей, магчыма, і не ведае ўжо, хто гэта такі. А вось тыя, чый “адрас – Савецкі Саюз”, яшчэ памятаюць імя гэтага палітыка, ідэолага, рэвалюцыянера, заснавальніка першай у гісторыі свету сацыялістычнай дзяржавы. Да гэтага часу ацэнкі дзейнасці Уладзіміра Леніна, яго гістарычнай ролі адрозніваюцца крайняй палярнасцю.

У большасці раённых гарадоў Беларусі да гэтага часу плошчы ўпрыгожваюць помнікі У. Леніну. Помнік правадыру  рэвалюцыі ў Ганцавічах
У большасці раённых гарадоў Беларусі да гэтага часу плошчы ўпрыгожваюць помнікі У. Леніну. Помнік правадыру рэвалюцыі ў Ганцавічах / Фото: Пётр Гузаевский

Гадоў 10-15 таму ў нашай краіне было складана адшукаць чалавека, які б не ведаў, хто такі Уладзімір Ільіч Ленін. Сітуацыя змянілася. Сёння мала хто ведае, хто такі Ленін і якія ён мае заслугі. Але амаль у кожным горадзе нашай краіны стаіць помнік гэтаму чалавеку.

Хто ён такі? Уладзімір Ільіч Ульянаў (псеўданім Ленін) – публіцыст, заснавальнік марксізма-ленінізма, ідэолаг і стваральнік Трэцяга (Камуністычнага) інтэрнацыяналу, заснавальнік СССР, а значыць, і БССР. Здаецца, што ўсё зразумела, менавіта за стварэнне БССР мы і ўшаноўваем яго памяць. Але каб было яшчэ зразумела, з якой мэтай была створана гэта краіна, трэба пачаць з вытокаў.

У канцы снежня 1917 г. быў скліканы Усебеларускі з’езд (пасля падзей Кастрычніцкай рэвалюцыі), які “стаяў на савецкіх пазіцыях саюза з федэратыўнай Расіяй з мэтай фарміравання самастойнага беларускага кіраўніцтва ў Беларусі” (А. Трафімчык). Але бальшавікам незалежная, хай сабе і саюзная савецкая дзяржава, была не патрэбна. Таму гэты з’езд быў жорстка разагнаны.

Хаця раней камісар па нацыянальных справах Іосіф Сталін у размове са старшынёй Кангрэса (Усебеларускага з’езда) запэўніваў: «Никакого насильственного удержания народов в рамках какого бы то ни было государства… народу обеспечивает права свободного самоопределения путем референдума. По вопросу о Белоруссии могу сказать то же самое, что и обо всех прочих народах России, т.е. полное самоопределение вплоть до отделения» (з «Дэкларацыі савецкай делегацыі на першым пленарным пасяджэнні Мірнай канферэнцыі ў Брэст-Літоўску» ад 9 снежня 1917 г.). На справе аказалася зусім не так. Першапачатковай мэтай савецкай Расіі стала суцэльнае паглынанне Беларусі, якая павінна была стаць адной з губерній Расіі.

Але лёсам было наканавана іншае, чаму паспрыялі далейшыя падзеі на карце свету. Гэта і вайна з Германіяй, калі палова Беларусі апынулася пад уладай немцаў. У гэты час на акупаванай немцамі тэрыторыі ўзнікае Беларуская Народная Рэспубліка (25 сакавіка 1918 г.). А потым вайна з Польшай. Усё гэта змусіла маскоўскае кіраўніцтва пайсці на ўтварэнне БССР, якая павінна была стаць буфернай рэспублікай, «разменнай манетай» у руках Крамля. Так і адбылося ў выніку вайны з Польшай.

Паколькі Расія не магла весці вайну на два франты (у гэты час на яе тэрыторыі палала грамадзянская вайна), то ў сакавіку 1921 г. у г. Рыга ўлады СССР былі вымушаны падпісаць мірны дагавор з Польшай. Дарэчы, на падпісанне мірнага дагавора былі запрошаны, апроч Расіі і Польшы, прадстаўнікі Украіны. Але «ніводную з дзвюх беларускіх дэлегацый (ад БНР і ад БССР) за стол перамоў не пусцілі».

Гісторык, краязнаўца Анатоль Трафімчык мяркуе так: «Калі яшчэ летам 1920 г. Масква дамагалася правядзення савецка-польскай мяжы па «лініі Керзанава», дык праз некалькі месяцаў яна прадэманстравала, што можа ахвяраваць усёй новастворанай Савецкай Беларуссю (чым фактычна выявіла свае адносіны да яе функцыі ў міжнародна-палітычных пытаннях)”.

А ўжо пасля Рыжскага дагавора БССР пачала адыгрываць і яшчэ адну не менш істотную ролю – ролю супрацьвагі БНР, каб у выніку ліквідаваць першую рукамі яе ж кіраўніцтва, перацягнуўшы на свой бок большасць яе лідараў гульнёю ў «беларусізацыю», а потым знішчыць іх у савецкіх лагерах.

Тое ж, дарэчы, чакала і ўсіх змагароў за вольную Беларусь. Як, напрыклад, змагароў Слуцкага антысавецкага паўстання, якое разгарэлася ў лістападзе 1920 г. і цягнулася да канца снежня таго ж года. Паўстанне было задушана, але барацьба з бальшавікамі працягвалася аж да 1930-х гадоў.

Бальшавікі жорстка абыходзіліся з усімі, хто хоць у нечым адважваўся супрацьстаяць чырвонаму тэрору. Так, у час выступлення «кулакоў» у Пензенскай губерніі Ленін у сваёй тэлеграме да мясцовага выканкама загадваў: «Повесить (непременно повесить, дабы народ видел) не меньше 100 заведомых кулаков, богатеев, кровопийц… Сделать так, чтобы на сотни вёрст кругом народ видел, трепетал, знал, кричал: душат и задушат кровопийц кулаков».

Іншыя выказванні арганізатара Кастрычніцкай рэвалюцыі гавораць самі за сябе. «Революционная власть пролетариата есть власть, завоёванная и поддерживаемая насилием пролетариата над буржуазией, власть, не связанная никакими законами». «Вести и провести беспощадную и террористическую борьбу и войну против крестьянской и иной буржуазии. Расстреливать заговорщиков и колеблющихся, никого не спрашивая и не допуская идиотской судебной волокиты». «…Превратить государство в учреждение для принуждения творить волю народа. Мы хотим организовать насилие во имя интересов трудящихся». «…Пока мы не применим террора (расстрел на месте, – к спекулянтам), ничего не выйдет… С грабителями надо также поступать решительно – расстреливать на месте». «Диктатура означает – примите это раз и навсегда к сведению… неограниченную, опирающуюся на силу, а не на закон власть».

 Дык ці заслугоўвае чалавек, які пісаў гэта і ўвасабляў у справах, хоць аднаго помніка ў нашай краіне?..

Из рубрики