Паўстанне Кастуся Каліноўскага і нашы землі
Сёлета адразу некалькі краін адзначае 150-гадовы юбілей падзеі, у нас вядомага як паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Яно не абмінула наш край. Да яго наўпрост спрычыніліся і некаторыя нашы землякі.
Напалеон Абуховіч
Баі ля Хатыніч і Борак
Тэрыторыя сучаснага Ганцавіцкага раёна аказалася на маргінезе баявых дзеянняў. Тым не менш языкі паўстанчага полымя дацягнуліся і да яе. Само паўстанне прыйшло на Беларусь толькі ў лютым: ужо 1 чысла 1863 года Літоўскі правінцыяльны камітэт выдаў да суайчыннікаў маніфест аб паўстанні. Адразу з цяперашняй тэрыторыі Польшчы ў Беларусь пачынаюць пранікаць першыя паўстанцкія атрады. Неўзабавае з’явіліся яны і на тэрыторыі, якая сёння ўваходзіць у Ганцавіцкі раён.
Гэта былі паўстанцы на чале з Раманам Рагінскім (нар. 29 лютага 1840 г. у Ловічы, Польшча – пам. 15 лютага 1915 г. у Сеняве, Украіна). 7 лютага яны былі на галаву разбіты: ім нанеслі жорсткі ўдар пад Сямятычамі (цяпер тэрыторыя Польшчы, побач з сённяшняй беларускай мяжой). Ад тысячнага атрада засталося не болей за паўтары сотні.
Напэўна, інсургенты былі вымушаны імкліва манеўраваць, бо неўзабаве атрад Рагінскага з 85 байцамі падыйшоў да Пінска. Але, аслаблены адыходам аддзелаў Рыльскага і Сангіна, горад браць не рашыліся. Два дні стаялі непадалёку. Чакалі падтрымкі, якой усё ж не атрымалі, і рушылі на паўночны ўсход ад Пінска.
У задачу атрада ўваходзіла і прыцягненне палескіх сялянаў да ўзброенай барацьбы: перад гэтым удалося нечаканым нападам на Пружаны захапіць каля 200 карабінаў. Тым больш што Палессе было ідэальным асяродкам для партызанкі. Поспех нібыта зноў павярнуўся тварам да абаронцаў сваёй радзімы: 14 лютага паўстанцкія атрады разбілі царскія войскі генерала Івана Носціца пад Хатынічамі.
Як гаворыцца ў кнізе “Памяць” па Ганцавіцкім раёне, “сотні хатынаўцаў аказалі паўстанцам узброеную падтрымку”. Прычым тутэйшы люд насуперак патрабаванням уладаў па-хрысціянску пахаваў паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, якія загінулі ў бітве з расійскімі карнікамі.
Урэшце яго атрад перадыслакаваўся на хутар Боркі. Побач з ім 26 лютага 1863 г. адбыўся яшчэ адзін з баёў. Там інсургенты сутыкнуліся з атрадам царскіх карнікаў пад камандаваннем Альбертава, які складаўся з трох рот пяхоты і сотні казакоў. Спадзяванні камандавання паўстанцаў, заснаваныя на добрым прыёме сялян пружанскіх вёсак, натыкнуліся на індэферэнтнасць сялянскай масы Піншчыны.
Больш таго, некаторыя з сялянаў, спакушаныя ўзнагародай у некалькі рублёў, выдавалі паўстанцаў прадстаўніклом царскай улады. Не знайшоў падтрымкі з боку палешукоў і Р.Рагінскі, хоць валодаў неабыякімі вайсковымі ўменнямі і якасцямі. Прыведзены ў “Памяці” выпадак з хатынаўцамі варта разглядаць як выключэнне, якое тым больш трэба верыфікаваць.
Адзін з афіцэраў падраздзялення графа Носціца пісаў пра Р.Рагінскага: «Этот ловкий предводитель всегда действовал как опытный партизан, быстро формируя шайки, он, несмотря на то, что был три раза последовательно разбит, держался довольно долго, все время волнуя уезды Пинский, Брестский и в особенности Кобринский». Сам Носціц таксама адзначаў выключныя якасці свайго смяротнага ворага:
«Отвага, энергия и предприимчивость всегда творили чудеса на войне и этими качествами вполне обладал Рогинский».
Тым не менш асабістага таленту воіна без народнай падтрымкі аказалася замала. Варожыя сілы перавышалі паўстанцкія ў сем разоў. Першая рота непрыяцеля лучнымі стрэламі паўстанцаў была добра прарэджаная, але гінулі і паўстанцы. Іх царскія войскі праследавалі і знішчалі. Ганцаўскія старажылы распавядалі, што аднаго з паўстанцаў, удзельніка бою пад Боркамі, казакі праследавалі аж да в. Дзяніскавічы.
Ва ўрочышчы Конік яго дагналі і забілі. Не маючы магчымасці паспяхова абараняцца, Р.Рагінскі, сфармаваўшы аддзел у клін, пачаў адыход. Інсургентам удалося праз балоты дайсці да Турава, дзе 3 сакавіка ён быў мясцовымі сялянамі схоплены і здадзены маскалям (так часта называлі не толькі расійцаў, але і салдат расійскай арміі). Смяротны прыгавор Р.Рагінскаму па просьбе аднаго з ворагаў – генерала Носціца – быў заменены 20 гадамі катаргі.

Нашых б’юць!
Як ужо было сказана, палескія сяляне ў асноўным не падтрымалі паўстання. Аднак вельмі перажывалі за зыход супрацьстання прадстаўнікі прывілеяванага саслоўя ці, прасцей кажучы, паны. Прычым не толькі перажывалі, але прымалі ўдзел у барацьбе: хто дапамагаў матэрыяльна, а нехта – удзельнічаў у гарачых сутычках.
І гэта былі не толькі прадстаўнікі гарачай моладзі, але і такія, што казалі насупраць рэальнасці пра шансы перамогі, бо, маўляў, сяляне з упэўненасцю пойдуць са шляхтай. У іх шэрагу называецца Напалеон Абуховіч, уладальнік маёнткаў Новы Двор і Круговічы (думаецца, матэрыяльнага багацця па маладосці ён фармальна не меў, бо ўсё насамрэч належала бацьку).
З кнігі ўспамінаў Якуба Гейштара 1827 – 1865 гг., выдадзенай у Вільні 100 гадоў таму, даведаліся, што Н.Абуховіч прыслаў ліст, дзе расказаў пра звязаныя з паўстаннем падзеі свайго жыцця. Гэты аповед у кнізе падрабязна пераказваецца. Скарыстоўваючыся з таго, што аўтарскія правы з прычыны мінулага часу ўжо не дзейнічаюць, мы вырашылі перакласці з польскай мовы фрагмент пра нашага земляка, які далей і прадастаўляецца вашай увазе.
З успамінаў паўстанца-кругаўца
Абуховіч Напалеон, сын Яна і Паліны Аскерчанкі, роднай сястры Баляслава Аскеркі… Нарадзіўся ў 1840 годзе. Дзяцінства ён правёў з бацькамі ў іх маёнтках у Навадворцах і Круговічах, каля Клецка. Затым быў адданы ў Слуцкую гімназію. Потым вучыўся ва ўніверсітэце ў Маскве. А пры першай звестцы пра паўстанне паспяшаўся ў Круговічы, якія перад яго прыбыццём ледзь пазбеглі катастрофы, так як ледзь не сталі месцам сутычкі невялікага атрада Рагінскага (разбітага ўжо ля Сямятычаў) і пераследуючага яго расійскага войска.
Паколькі арандатар і высакародны сусед бацькі пана Напалеона Абуховіча, былы вайсковец Уладзіслаў Машэўскі, атрымаў распараджэнне ад Народнага Ураду ствараць атрад, таму Напалеон Абуховіч быў у колькасці пяцідзесяці з нечым кепска ўзброеных маладых людзей, якія на чале з Машэўскім скіравалі, каб аб’яднацца з атрадам Свентажэцкага (а хутчэй Ласкоўскага), які дзейнічаў у Ігуменскіх лясах. Па дарозе Машэўскі меўся сустрэцца з іншым атрадзікам і атрымаць грошы і маршрут, што б яму спрасціла паход да Свентажэцкага. Урэшце рэшт не спаткаўся.
“Тады без аніякіх указанняў, – распавядае п. Абуховіч у ласкава прысланым рэдакцыі “Бібліяграфіі помнікаў” лісце, – пайшлі мы далей і на трэці дзень паходу 1 мая 1863 года, нагнала нас войска (2 ці 3 роты і сотня казакаў). У гэты час мы былі акружаны і засыпаны градам кул. Я стаяў побач з Маршэўскім. Пасля некалькіх нашых стрэлаў Машэўскі упаў падкошаны куляй у сэрца. Таксама упаў Міларэўскі, студэнт Кіеўскага ўніверсітэта, які стаяў побач. Упаў шляхціч Асіеўскі і некалькі іншых.
Я атрымаў кулю каля пляча, якая і сёння недзе сядзіць у маім целе, хоць мне не дакучае. І мы забілі некалькі салдат, але, натуральна, гэта не перашкодзіла нас акружыць, звязаць і прыспешыць да бліжэйшай вёскі. Адбылося ўсё гэта ў Ігуменскім павеце, каля вёскі Азёрнае. Вязняў прывялі, а паколькі былі параненыя, то і завезлі ў Слуцк, аддаленага на некалькі міляў. Варта аддаць належнае, што абыходжанне з намі было людскім, параненых узяў пад сваю апеку лекар з нашага атрада, высакародны Кернажыцкі”.
У Слуцку, пасля следства, падчас якога ўдзельнікі атрада нікога не скампраментавалі, яны былі асуджаны (як нежадаючыя пагадзіцца на выражэнне пакаяння з прычыны ўдзелу ў паўстанні) усе да цяжкай працы, у тым ліку і Н.Абуховіч на чатыры гады катаргі. Пасля пяцімесячнага знаходжання ў Слуцку ў кастрычніку 1863 г. Н.Абуховіч разам з іншымі быў пераведзены ў Бабруйск (дзе ўжо знаходзіліся ўдзельнікі горыгорыцкага атрада).
Вясной 1864 г. прыйшло пацверджанне выраку ад Мураўёва. Асуджаныя на катаргу былі адпраўлены ў Вільню, а адтуль звычайным шляхам праз Ніжні Ноўгарад, Перм – этапам у Цюмень, Томск праз Краснаярск, Іркуцк у Сівакоў (некалькі вёрст ад Чыты). Быў гэта пачатак 1865 г.
У шэрагу недзе каля 200 асуджаных Н.Абуховіч быў сасланы на так званыя Нерчынскія заводы (цяпер сяло Нерчынскі Завод – адміністрацыйны цэнтр, 658 км на паўднёвы ўсход ад Чыты. – А. Т.), дзе быў закуты ў кайданы і распачаў катаргу (на так званым Александраўскім заводзе). На весну 1866 г. быў вернуты зноў пад Чыту і прычакаў маніфест 1867 г., які скарачаў тэрмін катаргі.
З больш чым дзясяткам іншых таварышаў Абуховіч знаходзіўся ў лютым 1868 г. на пасяленні ў Іркуцку. Тут пачалося для яго новае жыццё. Ён займаўся выкладаннем лекцый па музыцы. Жыў са сваім суседам Ежым Магільніцкім. Спаткаўся з дзядзькам Эмілем Дубоўскім (дасюль жывым). Таемна рабіў наведванні Усола (напэўна, маецца на ўвазе горад Усолле-Сібірскае ў Іркуцкай вобласц.і – А.Т.), дзе, акрамя іншых, сустракаўся з Якубам Гейштарам (аўтарам цытуемай кнігі. – А.Т.).
“Заўсёды адчуваў да яго багата сімпатыі і шанавання, – піша да нас пан Н. Абуховіч. – Абураўся толькі яго адносінамі да Антона Яленскага, якога судзіў вельмі сурова” (успамінаем пра гэтае меркаванне з пункту погляду на тое, што “помнікі” Гейштара ўтрымліваюць не адно строгае меркаванне пра Антона Яленскага.
У сілу Вежбалоўскага маніфесту (маніфест ад 17 мая 1867 г., які ахопліваў усіх ссыльных. – А. Т.), у 1871 г. атрымаў вяртанне праў і па прыбыцці ў Вятку так званага выгнанцамі “еўрапейскага каранціну” (дзе зноў сустрэўся з Якубам Гейштарам, Балеславам Аскеркам, сваім блізкім прыяцелем Каралем Станкевічам і пазнаёміўся з біскупам Красінскім) вярнуўся ў свае любімыя Круговічы, у якіх да гэтага часу пражывае.
Мы ведаем падрабязнасці дзякуючы Напалеону Абуховічу.

На завяршэнне
З іншых крыніц можна дадаць, што атрад Машэўскага ішоў прыкладна з боку Круговіч на ўсход, пабываўшы ў Слуцку, а затым у в.Савічы (цяпер Капыльскі раён. – А.Т.). Мясцовы памешчык Э.Вайніловіч, вядомы сёння па будаўніцтве Чырвонага касцёла ў Менску, успамінаў:
«…На мое счастье, меня не было дома, когда в Савичи из Слуцка пришла партия во главе с достойнейшим полковником Машевским. Забрали мою винтовку, шесть лошадей и писаря, которого мать благословила и проводила. Маневрировали недолго, были разбиты на границе Игуменской волости. Машевский был убит, Наполеон Обухович ранен. Остальных я встретил в Слуцке – их вели в тюрьму”.
Калі Н.Абуховіч адбываў ссылку, ён быў пазбаўлены праў і маёмасці. Адзін з яго знаёмцаў (нехта А.Іваньскі) спамінаў круговіцкага паніча як “энтузіаста, выкшталцонага, вельмі сціплага і непрактычнага”. У 1871 г. Н.Абуховічу былі вернуты правы двараніна. Вядома таксама, што нейкая прычна вымусіла паніча пакінуць улюбёныя Круговічы і змяніць месцажыхарства. Прынамсі, як паведамляюць крыніцы, у 1913 г. ён жыў у Кракаве.
Звестак пра заключны перыяд жыцця і год смерці Н.Абуховіча нам адшукаць не ўдалося. Такім чынам, дзякуючы прадстаўленым матэрыялам абноўлена яшчэ адна старонка мінулага нашага рэгіёна, звязаная са славутай падзеяй нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 г.
Новости
- 10:59 Беларусь уходит в форель: старые рыбхозы в убытках, новые – в планах
- 16:00 Как всего несколько ложек мёда в день могут изменить ваше здоровье
- 14:30 Как быстро и легко остановить понос народными средствами!
- 22:44 Парень из Бреста после болезни в армии перенес онкологию и потерял глаз
- 09:20 Готовим и едим в Лиссабоне – мастер-класс по закускам
- 09:18 Четыре дня ткачества в Лиссабоне – как проходит ретрит у мастера
- 17:33 Дельфины под Лиссабоном – как проходит морская прогулка и сколько стоит
- 15:24 Рыбалка в Атлантике у Лиссабона – как проходит тур и что можно поймать
- 15:37 По следам тамплиеров и королей — один день, который объединяет средневековую Португалию
- 14:45 День с рыбаками в Кашкайше – как это устроено и стоит ли пробовать
Из рубрики
Даяркі з Кукава ў Ганцавіцкім раёне атрымліваюць адзнакі за малако
Як у школе з амаль «савецкай» сістэмай, ужо два тыдні працуюць даяркі ААТ «Дубнякі» Ганцавіцкага раёна, якім кожны дзень выстаўляюць адзнакі за якасць надояў. Па словах работніц сельгаспрадпрыемства, каб павысіць якасць малака, такую матывацыю ўвёў кіраўнік калгаса Уладзімір Грыгаран.