Вёскі Хатынічы і Раздзялавічы ў апісанні этнографа Ісака Сербава
У лютым гэтага года была прэзентавана кніга «Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава 1911 – 1912 гадоў», якая была выдадзена ў серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў». Ісак Сербаў – беларускі этнограф, фалькларыст і археолаг, які ўдзельнічаў у працы па зборы і ахове помнікаў мастацтва і гісторыі. Ён першым з беларускіх этнографаў стварыў вялікую фотатэку, у якой зафіксаваныя тыпы адзення жыхароў розных куткоў Палесся, жылля, гаспадарчых пабудоў, вырабы рамёстваў.
Палешукі на двары. Сяло Хатынічы Пінскага павета. 1912 г. Фота з кнігі «Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава 1911 – 1912 гадоў»
Падчас навуковай экспедыцыі ў 1912 годзе Ісак Сербаў наведаў вёскі Хатынічы і Раздзялавічы сучаснага Ганцавіцкага раёна (у той час яны ўваходзілі ў склад Пінскага павета), дзе зрабіў этнаграфічныя запісы і фотаздымкі.
Ніжэй прыводзім запісы, зробленыя гэтым навукоўцам у нашых краях. Першай ён наведаў вёску Хатынічы.
«Палешукі мала чым адрозніваюцца ад сваіх супляменнікаў — сакуноў: у іх тыя ж самыя пабудовы, адзенні і іншыя прадметы хатняга побыту. Сярод асаблівасцей можна адзначыць хіба толькі тое, што жанчыны іх павязваюць сваю намітку шырокім нізкім турбанам і аздабляюць рукавы сарочкі падоўжным паласатым узорам, а мужчыны носяць спераду на рэмені цераз плячо вялікую скураную каліту, шчыльна ўнізаную бліскучымі гузікамі.
Жывуць палешукі ў вялікім дастатку, маюць ладныя пабудовы, шмат жывёлы і дастаткова збожжа. Сярод іх ёсць багацеі, якія маюць у сваім распараджэнні дзясяткі тысяч наяўных грошай. Той спецыфічнай копаці і бруду, з якімі звычайна звязваюць уяўленні аб нашай вёсцы, на Палессі ўжо няма. Тут, наадварот, ва ўсім бачна гаспадарлівасць, ахайнасць, дастатковая чысціня. Увогуле, трэба аддаць належную справядлівасць палешукам: яны адстаялі на Палессі рускую народнасць, выпрацавалі сярод непрыязнай прыроды моцную загартаваную натуру жыхара багнаў, стварылі здаровы побыт і часткова сваю самабытную культуру.
У Хатынічах я пражыў каля 4 дзён, зрабіў неабходныя фатаграфічныя здымкі і адпаведныя запісы ўзораў народнай гаворкі і песень з мелодыямі».

«Дрыгавічы – моцны, здаровы народ. Яны пераважна смуглаватыя шатэны, сярэдняга росту, стройныя, але хударлявыя як мужчыны, так і жанчыны. Галава прадаўгаватая, з прамым высокім ілбом. Твар чысты, адкрыты, з правільнымі рысамі і лагоднай усмешкай на тонкіх губах. Вочы глыбокія, шэрыя ці блакітныя, увесь час з усмешкаю. Валасы густыя, мяккія. Мужчыны пастрыжаны па-руску ў кружок, з прамым праборам па сярэдзіне; барады і вусоў не голяць. Сярэдні рост мужчыны 2,25 , а жанчыны 2,15 аршына (1,6 і 1,5 м — адпаведна). Хаця сярод дрыгавічоў сустракаюцца і асілкі, ростам 2 аршыны і 13 вяршкоў (2 м). Сярод дрыгавічоў сустракаецца шмат стагадовых моцных старых і бабулек, якія выдатна захавалі памяць, зрок і слых. Такія старыя добра працуюць на полі і на лузе, лёгкія на хаду».
Затым на сваім шляху Ісак Сербаў наведаў вёску Раздзялавічы.

«Тут выявілася тая ж самая цікаўнасць палешукоў, што і ў Хатынічах, але значна ярчэй і ў больш вялікіх памерах. Тут ужо ўвечары збеглася амаль уся вёска нібы на пажар. Бабы і дзеўкі ўтварылі натоўп на вуліцы і пад вокнамі, а мужчыны бітком набіліся ў памяшканне і так надымілі сваім ўласнаручна вырашчаным тытунём, што цяжка і горка зрабілася дыхаць. У агульным гомане звычайна губляецца ці заглушваецца членараздзельная гаворка, аднак пры гэтым сам характар размовы, яе своеасаблівая працяжная з гогатам дыкцыя перадаецца выдатна. Гэтае палескае вымаўленне неабходна абавязкова запісаць пры дапамозе фанографа, бо яно знікае паўсюдна і захавалася толькі дзе-нідзе на балотах у самых захалусных паселішчах.
Мы агледзелі ўсю вёску, абышлі засеяныя палі, агароды і астравы. Тым часам я сфатаграфаваў апрацаваныя загоны і некалькі груп палешукоў, які прабіраліся з папірашкамі ў руках праз топкія балоты.

На зваротным шляху нам сустрэўся мясцовы паляшук, які ехаў з жонкай на кірмаш у Лагішын. Склалася выдатная група. Іхняе святочнае адзенне, пасадка на палукашы і сама запрэжка коней былі надзвычай тыповыя. Мне хацелася як-небудзь сфатаграфаваць іх. Стараста прыпыніў палешука і патлумачыў яму мой намер. Той спакойна выслухаў, але ледзьве толькі я навёў на яго фотаапарат, як паляшук з усёй моцы рвануў лейцы, сцебануў коней і без аглядкі паімчаў па пыльнай дарозе». «З Раздзялавіч трэба было як небудзь прабрацца далей на захад да Выганашчанскага возера. Зімою тут праехаць 15-17 вёрст добрай саннай дарогай зручна і лёгка, але летам усялякі праезд па гэтых багнах зусім перапыняецца. Застаецца толькі невялікая пешаходка і тая без усялякіх гацяў і кладак. Таму я меркаваў узяць 2 чалавек насільшчыкаў і перабрацца разам з імі цераз балота. Але, на шчасце, знайшоўся тут прадпрымальны бойкі паляшук Зміцер Варвашэвіч, які падрадзіўся перавезці мае рэчы на сваім кані ў Выганашчы. Пакуль ішлі зборы ў дарогу, Варвашэвіч запрасіў мяне да сябе адпачыць і выпіць квасу, які палешукі прыгатаўляюць вельмі добра. Заможнасць і гаспадарлівасць Варвашэвіча наўпрост уразілі мяне. Пабудовы добрыя, у хаце чыста прыбрана, печка і сцены выбелены, у сенях і клеці шмат усялякага дабра. Але Варвашэвіч па-мясцоваму не лічыцца багатым, бо ў яго няма грошай у запасе і мала «гоўядзі» (г. зн. жывёлы)».
У кнізе прадстаўлены 442 фотаздымкі, якія Ісак Сербаў зрабіў у 1911 – 1912 гадах у час навуковых экспедыцый па населеных пунктах Мінскай губерні, што цяпер уваходзяць у склад Мінскай, Брэсцкай, Магілёўскай, Гомельскай абласцей Беларусі, Валынскай і Ровенскай абласцей Украіны. Упершыню ў навуковы і шырокі грамадскі зварот уводзяцца каштоўныя візуальныя дакументы па беларускай этнаграфіі, гісторыі і культуры. Арыгіналы фотаздымкаў захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта.
Новости
- 10:59 Беларусь уходит в форель: старые рыбхозы в убытках, новые – в планах
- 16:00 Как всего несколько ложек мёда в день могут изменить ваше здоровье
- 14:30 Как быстро и легко остановить понос народными средствами!
- 22:44 Парень из Бреста после болезни в армии перенес онкологию и потерял глаз
- 09:20 Готовим и едим в Лиссабоне – мастер-класс по закускам
- 09:18 Четыре дня ткачества в Лиссабоне – как проходит ретрит у мастера
- 17:33 Дельфины под Лиссабоном – как проходит морская прогулка и сколько стоит
- 15:24 Рыбалка в Атлантике у Лиссабона – как проходит тур и что можно поймать
- 15:37 По следам тамплиеров и королей — один день, который объединяет средневековую Португалию
- 14:45 День с рыбаками в Кашкайше – как это устроено и стоит ли пробовать
Из рубрики
Даяркі з Кукава ў Ганцавіцкім раёне атрымліваюць адзнакі за малако
Як у школе з амаль «савецкай» сістэмай, ужо два тыдні працуюць даяркі ААТ «Дубнякі» Ганцавіцкага раёна, якім кожны дзень выстаўляюць адзнакі за якасць надояў. Па словах работніц сельгаспрадпрыемства, каб павысіць якасць малака, такую матывацыю ўвёў кіраўнік калгаса Уладзімір Грыгаран.