Пусцеюць вёскі, сірацеюць хаты…
Жыццё ў нашым райцэнтры асабліва не бурліць, аднак жылля на ўсіх не хапае, бо пераехаць жыць у горад імкнецца моладзь з навакольных вёсак. У той жа час з-за адсутнасці жыхароў пусцеюць вёскі, на вясковых вуліцах шмат хат, якія сіратліва пазіраюць на свет забітымі вокнамі і зачыненымі на замок дзвярамі.
Фото: Фота з архіва "ГЧ"
На пачатак 2016 года насельніцтва раёна складала 27 863 чалавекі. За перыяд з 2015 па 2016 год насельніцтва раёна зменшылася на 617 чалавек(!) (на пачатак 2015 года яно складала 28 480 чалавек).
За апошнія шэсць гадоў насельніцтва раёна зменшылася на 3 307 чалавек (згодна перапісу 2009 года, насельніцтва раёна складала 31 170 чалавек), а вясковага насельніцтва за гэты ж перыяд зменшылася больш чым на 3600 чалавек.
Калі ж глядзець лічбы 2016 года, за апошнія 11 месяцаў аддзелам ЗАГСа зарэгістравана 274 немаўлят у цэлым па раёне, у тым ліку ў горадзе 177 дзетак, і 97 — у вёсках. Радуе, што ў гэтым годзе нарадзілася на 42 дзіцяці больш, чым за такі ж перыяд мінулага года.
Сумна становіцца, калі палічыць памерлых: іх колькасць за апошнія 11 месяцаў года налічвае 412 чалавекі, у тым ліку ў горадзе 162 чалавекі, і ў вёсках — 250 чалавек. Колькасць нябожчыкаў павялічылася на 34 чалавекі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Старэйшае пакаленне знайшло прычыны «хваробы» вымірання вёсак
Чаму пусцеюць вёскі? Чаму маладыя сем`і не хочуць жыць і працаваць на зямлі, будаваць сям`ю і нараджаць тут дзяцей, а едуць шукаць шчасця ў горадзе?
У старэйшага пакалення на сітуацыю свае меркаванне: праблема ў тым, што моладзі няма дзе працаваць.
«У нашым калгасе грошай не заробіш. Вось многія і збягаюць ці ў заробкі, ці ў горад, бо там лягчэй. Але сумна, бо вёскі дажываюць свой век, а мы разам з імі», – сказала Вольга Іванаўна, 67-гадовая жыхарка вёскі Малькавічы.
Працоўныя месцы ў вёсках ёсць толькі ў амаль што разваленых калгасах, якія цяпер носяць ганаровую назву СВК. Моладзі тут будзе прапанавана «прэстыжная» пасада даяркі, жывёлавода, трактарыста, камбайнера ці вартаўніка. Атрымліваецца, што вышэйшая адукацыя – не такі ўжо і патрэбны ў вёсцы атрыбут.
А як жа быць тым, хто пасля заканчэння вуза хоча вярнуцца ў родную вёску? Асноўнае месца працы ў калгасе не прынясе ні добрай зарплаты, ні неабходных прафесійных навыкаў. Аднак ёсць і пэўны станоўчы момант – у маладых спецыялістаў ёсць перспектывы для кар`ернага росту, бо праз нейкі час яны становяцца загадчыкамі аддзелаў. І з жыллём у нашых вёсках праблем няма – было б жаданне там жыць.
Але не жывуць. Асноўнае насельніцтва вёсак – пажылыя людзі. Дзяцей і моладзі тут няшмат, а праблем са здароўем у іх не менш, а іншы раз нават і больш, чым у старых.
«Вунь колькі іх ў паліклініцы сядзіць, сцены падпірае, – турбавалася жыхарка вёскі Боркі, пенсіянерка Марыя Рабцэвіч. – Мы ў свой час столькі не хварэлі, часу на тое неставала. Трэба было па гаспадарцы завіхацца, скацінку глядзець, агарод да ладу давесці, нарыхтоўкі на зіму зрабіць ды ў лес збегаць. Маладыя ж цяпер больш за камп`ютарам сядзяць, у інтэрнэце, адкуль жа таму здароўю ўзяцца?«.
Згодна з ёй і жыхарка вёскі Лактышы Таццяна Бондар, але прычыны яна шукае ў іншых хваробах – п`янстве і ляноце.
«Я так лічу – трэба быць бліжэй да сваіх каранёў, любіць працаваць на зямлі, тады і вёскі не вымруць. Толькі наўрад ці гэта здзейсніцца. Бо моладзь наша лянуецца, шмат часу бавіць за бутэлькамі са спіртным, а на працу нікога не загоніш. Працаваць у вёсцы прыходзіцца цяжка, от пагэтаму ад нас уцякаюць у горад, няма каму жыць у вёсцы«, – сказала пенсіянерка.
Спіс вёсак, якія пусцеюць, кожны год папаўняецца. Усяго за некалькі кіламетраў ад Ганцавіч некалі паспяховыя вёскі сёння дажываюць свой век. А на фоне вясковага пейзажу часта можна бачыць напаўразваленыя дамы і хлявы…
І такіх вёсак без будучыні ў наваколлі шмат. А колькі іх па ўсёй Беларусі! Згодна статыстыцы, толькі ¼ насельніцтва Беларусі жыве ў вёсках, а плану паратунку нашых вёсак улада, па ўсёй бачнасці, не мае.
У вёсцы Лактышы пусцеюць хаты…
Адна з такіх бесперспектыўных вёсак у нашым раёне – Лактышы. Не так даўно мінуў той час, калі пра гэтую вёску гаварылі, што жывуць там заможныя і шчаслівыя людзі. Сёння ж лактышоўцаў не абмінула бокам распаўсюджаная хвароба вымірання вёсак.
Некалі Лактышы славіліся на ўсё асяроддзе як «парсюковы» край. У кожнай, бадай, хаце трымалі не менш пятнаццаці-дваццаці свіней адначасова. Сала таўшчынёй з добрую мужчынскую далонь нарыхтоўвалі па два-тры кубельцы. А свінні звычайна пасвіліся каля хат, бегалі па вуліцы.
Хапала ў вяскоўцаў і рыбы. А як жа інакш, калі пад бокам – водасховішча. З вудай пасядзеў – і абед ці снеданне гатова. Нездарма ж многія жыхары нашага раёна, і не толькі, прыязджалі на вясковыя святы, каб паспытаць фірмовую юшку Мікалая Ленкаўца.
Хапала ў лактышоўцаў і малака, бо карміцелька-кароўка, а то і дзве-тры, рыкалі ў кожным двары. Аднак не гэта галоўнае. Вёска Лактышы некалі была шматлюднай, шумела, бо тут было шмат моладзі, дзяцей, працавала школа, ферма, у клубе ішлі дыскатэкі і кіно.
Цяпер усё сціхла. Няма каму шумець і весяліцца, бо асноўнае насельніцтва Лактышоў – людзі пажылыя.
Сярод такіх людзей і жыхарка вескі, пенсіянерка Ніна Мікалаеўна, якая стала сведкай росквіту і заняпаду сяла.
«Няма вытворчасці, няма дзе працаваць, школу закрылі, бо дзетак няма, вось і вымірае вёска, адыходзіць у мінулае. Добра, што хоць тэлефоны ёсць, іншы раз захварэеш, дык хоць з суседкамі пагаворыш, і тое добра. Бо шмат у нас такіх –хворых ды нямоглых. Але лепш не хварэць«, – з сумам сказала жанчына.
З інфраструктуры ў вёсцы – два магазіны, паштовае аддзяленне, клуб і ФАП. Па словах жыхароў вёскі, там працуе вельмі чулая і адказная жанчына, загадчык ФАПа Іна Палазок. Аднак, каб выпісаць рэцэпт на нейкія лекі, трэба ехаць у суседнюю вёску Нача, дзе вядзе прыём доктар.
«Хіба ж да яе наездзішся? На веласіпедзе цяжка, асабліва зімой ці па бездарожжы у час дажджоў, а аўтобус не ходзіць. Пехам толькі і клыпаць», – казалі пенсіянеры з вёскі Лактышы.
Фельчар у вёсцы дапамагае не толькі лекамі, але і добрым словам
Адным з месцаў у вёсцы Лактышы, у якім яшчэ кіпіць жыццё, гэта мясцовы ФАП.
Фельчарска-акушэрскі пункт у вёсцы Лактышы размешчаны ў звычайнай драўлянай хаце. Але атмасфера ў ім напоўнена чуласцю, дабрынёй, добразычлівасцю фельчара Іны Палазок.
Пераступіўшы парог ФАПа, адразу разумееш, што трапіў ва ўстанову аховы здароўя: стойкі водар (ці пах) лекаў, стэрыльная чысціня. На сценах вісяць плакаты са спецыяльнай інфармацыяй, на століку ў калідоры, дзе пацыенты чакаюць сваёй чаргі – буклеты.
У загадчыцы ФАПа Іны Палазок свабодных хвілін для размовы з карэспандэнтам не так шмат, яе чакае пацыент з павышаным ціскам. Падчас размовы на парозе медустановы з`явілася жанчына, якая апякла ногу кіпнем, таму прасіла мазь ад апёкаў. Не паспелі за наведвальніцай зачыніцца дзверы, як яшчэ адной вяскоўцы спатрэбілася дапамога фельчара – жанчына прыйшла памераць ціск, бо моцна балела галава.
Для жыхароў вёскі Іна Віктараўна – і доктар, і псіхолаг, і сябра, да якога можна звярнуцца за дапамогай і парадай. Ужо амаль 16 гадоў яна шчыруе ў гэтай медустанове ў вёсцы. Абслугоўвае жанчына больш за 350 чалавек з дзвюх вёсак – Лактышоў і Мельнікоў.
Кожны дзень на амбулаторны прыём звяртаюцца вяскоўцы: мераюць ціск, калі дрэнны сябе адчуваюць; некаму патрэбна правесці працэдуры, прызначаныя доктарам з бальніцы, ці атрымаць неабходнае лячэнне. Прыходзяць вяскоўцы сюды яшчэ і для таго, каб купіць некаторыя лекі, якія прывозяць з раённай аптэкі.
Па словах Іны Палазок, большасць насельніцтва вёскі – людзі пажылыя, таму фельчару часта прыходзіцца праводзіць працэдуры ў іх дома. Зімой, восенню і ранняй вясной, у снег, дождж і слякасць, дабірацца да пацыентаў пяшком няпроста, спецыяльнага транспарта на ФАПе няма, прыходзіцца ездзіць на веласіпедзе.
Часта, па словах фельчара, старым патрэбна не столькі медыцынская дапамога, колькі клопат і ўвага. Прыходзіць Іна Віктараўна ў якую-небудзь хату на выклік да бабулі, а яна замест таго, каб пра свае немачы расказаць, пра навіны распытвае.
«Падыходу мае бабулі і дзядулі патрабуюць своеасаблівага, кожнага прыходзіцца буськаць і нюськаць, шчыраваць вакол іх, бо іншы раз ім толькі добрае слова і патрэбна, а не лекі, – сказала Іна Віктараўна. – На жаль, мае пацыенты – амаль усе старыя людзі, са сваімі індывідуальнымі хваробамі.
Пусцее наша вёска, людзі паміраюць, новыя не нарджаюцца. Іншы раз плачу, калі нічым не магу дапамачы сваім пацыентам, рукі апускаюцца, нават на работу ногі не ідуць, хоць і люблю я яе. Потым супакоюся і ізноў іду лячыць».
Жыхары вёскі адзначылі, што задаволены працай ФАПа. Карыстаецца мясцовы медык заслужанай павагай у калег і кіраўніцтва ЦРБ. А яна кожную раніцу адчыняе дзверы фельчарска-акушэрскага пункта, чакаючы сустрэчы з аднавяскоўцамі, каб паклапаціцца пра іх здароўе. Бо ведае, што вельмі патрэбна людзям.
Новости
- 10:59 Беларусь уходит в форель: старые рыбхозы в убытках, новые – в планах
- 16:00 Как всего несколько ложек мёда в день могут изменить ваше здоровье
- 14:30 Как быстро и легко остановить понос народными средствами!
- 22:44 Парень из Бреста после болезни в армии перенес онкологию и потерял глаз
- 09:20 Готовим и едим в Лиссабоне – мастер-класс по закускам
- 09:18 Четыре дня ткачества в Лиссабоне – как проходит ретрит у мастера
- 17:33 Дельфины под Лиссабоном – как проходит морская прогулка и сколько стоит
- 15:24 Рыбалка в Атлантике у Лиссабона – как проходит тур и что можно поймать
- 15:37 По следам тамплиеров и королей — один день, который объединяет средневековую Португалию
- 14:45 День с рыбаками в Кашкайше – как это устроено и стоит ли пробовать
Материалы по теме
Жыхарка Ляхавіцкага раёна напісала верш пра святое месца
Ізбійскі бор - гэта лясное ўрочышча паміж вёскамі Будча і Дзяніскавічы ў Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Гэта месца лічыцца гістарычным і святым. Некалькі гадоў таму тут пабудавалі новую капліцу. Але з выгляду - гэта сапраўдны храм. Паводле падання, на гэтым месцы явіўся лік Багародзіцы.
У якіх школах ужо ніколі не будзе вечароў сустрэчы выпускнікоў
Кожны люты у школах Беларусі ладзяць вечары сустрэчы з выпускнікамі. Па-за мяжой гэтай традыцыі застаюцца сотні і нават тысячы выхадцаў школ, якія пазачынялі. Іх родныя альма-матэр цяпер больш падобныя на раскіданыя гнёзды, якія ніколі не сагрэюць сваім цяплом.
У Ганцавіцкім раёне тармозяць перадавікоў жніва
Ідзе гарачая пара жніва, ці, як прынята ўжо называць, «бітва за ураджай». Сабраць яго – зараз самая галоўная задача, на якой засяроджаюць увагу Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, мясцовыя органы ўлады і сотні тысяч работнікаў сельскай гаспадаркі.
У вёсцы Палонь Ганцавіцкага раёна паўсталі за зямлю
Незадаволенасць дзеяннямі мясцовага кіраўніцтва, якое аддало надзел зямлі ў арэнду мясцоваму фермеру, выказалі жыхары вёскі Палонь на стыхійным сходзе. Вяскоўцы вырашылі звярнуцца са зваротам да кіраўніка райвыканкама, старшыні раённага Савета дэпутатаў і старшыні Брэсцкага аблвыканкама. Кіраўніцтва Люсінскага сельсавета і ААТ "Люсіна-Агра" лічаць скаргі беспадстаўнымі.
Любашава: вёска будзе жыць, пакуль у ёй ёсць людзі
Наша вёска Любашава такая прыгожая! Адна назва чаго варта!.. Ды вы самі паглядзіце, і ўсё зразумееце..." Так прэзентавалі сваю вёску Любашава падлеткі, якія сустрэліся карэспандэнту на ўскраіне вёскі. Не толькі моладзь, але і старэйшае пакаленне, і дзеці, таксама ўлюбёныя ў родны куточак.
Из рубрики
Оскар 2025: кто лауреаты и новый рекорд
Шон Бейкер вошел в историю: его фильм «Анора» получил Золотую пальмовую ветвь и завоевал пять «Оскаров», в том числе за лучший фильм, лучшую режиссуру и лучшую женскую роль. 97-я церемония вручения премий Американской киноакадемии вынесла свой вердикт.
Тайны смерти Яниса Тиммы: обвинения, слухи и загадочные совпадения
История с трагической гибелью латвийского баскетболиста Яниса Тиммы продолжает обрастать новыми подробностями. В центре внимания оказалась его бывшая жена, певица Анна Седокова. Ее последние признания в социальных сетях стали еще одним поводом для обсуждений.