Выбары без выбару не маюць сэнсу

Добры дзень, паважаная газета «Ганцавіцкі час» і яе чытачы. Можа, не захоча рэдакцыя паставіць маё пісьмо ў газету, бо выбары прайшлі і людзі ўжо забыліся пра іх на наступны дзень. Але вырашыў даслаць. Хачу выказаць свае адносіны да падзеі, якая нядаўна адбылася, – гэтак званых выбараў дэпутатаў. Адразу хачу адзначыць, што ўдзел у іх я не прымаў, не дазволіла сумленне, хоць я лічу, што выбары – важная падзея ў жыцці нашага грамадства.

Выбары – адно з галоўных дэмакратычных дасягненняў, якое заваявалі нашы бацькі, дзяды, прадзеды – і гэта трэба паважаць. Але, на мой погляд, на жаль, у нашым выпадку ніякай дэмакратыі і выбару ў нас не было. Выбар – гэта калі ёсць з каго выбіраць.

Мяне абурыла тое, быццам у Ганцавіцкім раёне няма дастойных людзей на гэтую пасаду. І што нам начальнікаў патрэбна назначаць, пачынаючы ад дэпутатаў і заканчваючы рознымі кіраўнікамі калгасаў і арганізацый. Аднаго паліва гэтыя кіраўнікі з іншых рэгіёнаў з’ездзяць столькі.

Навошта было праводзіць такія выбары, калі за месяц ужо было вядома, хто стане дэпутатам? За гэтыя грошы, мабыць, пасяўную можна было б правесці, і не адну.

Лічу, што вызначальную ролю ў маім няўдзеле ў падзеі, якая нядаўна адбылася, адыграла і тое, як праводзілася сустрэча з выбаршчыкамі ў в. Агарэвічы.

На гэтым моманце хачу спыніцца падрабязней і расказаць аб ім.

Аб тым, дзе і калі будзе праводзіцца сустрэча, я дачуўся ад пенсіянераў, якія расказалі, што ў наш раён прыязджае кандыдат у дэпутаты і будзе сустрэча з ім у Агарэвічах.

Прайшоў да магазіна ў надзеі прачытаць якую-небудзь аб’яву аб сустрэчы, але дарма – не знайшоў. На дошцы былі наклеены толькі лістоўкі кандыдата.

Пасля гэтага патэлефанаваў у сельскі савет і пацікавіўся, ці сапраўды адбудзецца сустрэча, дзе і ў колькі гадзін. Мне адказалі, што сустрэча адбудзецца ў памяшканні школы ў 16 гадзін, калі ласка, прыходзьце і прыводзьце іншых. Я і пайшоў. Дзесьці ў 15.45 недалёка ад мясцовага ДК, дзе знаходзіцца сельскі Савет, назіраю, як работнікі сельсавета цугам ідуць у напрамку школы. За імі падаўся і я.

Спачатку ў актавай зале школы нікога не было, а пасля пачалі падыходзіць людзі. Залу запоўнілі спецыялісты, якіх запрасілі добраахвотна-прымусова. Яны, канешне, прыйшлі, бо сход праводзіўся ў працоўны час, а большасць працуюць па кантракту.

Дарэчы, у мяне было жаданне спытаць у кандыдата пра працоўны дагавор (гэта фактычна прыгоннае права). Мяне ўсхвалявала, чаму ён як барацьбіт за дысцыпліну (ён так сябе пазіцыяніраваў) і дабрабыт жыхароў Ганцаўшчыны сам праводзіць сустрэчу у працоўны час і хто будзе аплочваць прагулы работнікам- спецыялістам. Фактычна вёска на цэлую гадзіну засталася без улады, а розныя ўстановы – без кіраўнікоў.

Я спытаў, як прагаласуе ў якасці дэпутата Мікалай Мяфодзьевіч, калі паўстане пытанне аб нацыяналізацыі камерцыйных банкаў? Ён адказаў, што такое пытанне яшчэ не паўстала. “А хто паставіць такое пытанне? Я ўпэўнены, такога пытання не будзе”, – адказаў М. Язубец, дадаўшы, што прэзідэнт падтрымлівае развіццё камерцыйных банкаў.

Аднак свайго асабістага меркавання кандыдат не агучыў. Дык навошта мне казаць аб дачыненні да прэзідэнта, калі мяне хвалявала, што ён, кандыдат у дэпутаты, пра гэта думае? Нам патрэбныя палітыкі, якія думаюць. А папаўняць войска чыноўнікаў выканаўцамі навошта? Хопіць і аднаго прэзідэнта.

Я разумею так, што, чым больш мы працуем на камерцыйныя банкі, тым больш мы даем магчымасці рознага роду банкаўскім камерцыйным дзеячам купляць дачы, вілы на якіх-нібудзь Гаваях і дарагіх курортах. А патрэбна, каб было так, што чалавек сваёй адданай працай павышаў дабрабыт не банкаўскага клерка, а дзяржавы. На жаль, Мікалай Мяфодзьевіч не змог адказаць на гэтае пытанне. Было толькі зразумела, што гэты накірунак правільны.

Больш такіх “глабальных” пытанняў ніхто не задаваў. У зале прысутнічалі бюджэтныя работнікі арганізацый вёскі, старшыня калгаса з амаль усімі спецыялістамі і бухгалтэрыяй СПК.
З залы паступіла пажаданне, каб уключылі на вуліцы святло, бо хадзіць цёмна, а старшыныя сельсавета спытала штосьці пра дарогі.

Я разумею тое, што кандыдат балатуецца у нас на высокую дзяржаўную пасаду, а менавіта, тварыць законы.

Таму я здзівіўся, што адукаваныя людзі паднімаюць мясцовыя праблемы, якія тычацца мясцовай улады, іх можа вырашыць і старшыня сельсавет. Карцела спытаць, як кандыдыт у дэпутаты адносіцца да таго, што пара ўжо саступаць дарогу маладым, а самаму рыхтавацца да заслужанай пенсіі? Але вырашыў не кампраметаваць чалавека.

Самым гаваркім на гэтай сустрэчы быў старшыня СВК “Агарэвічы”.Хвілін пяць ён выказваў сваю падтрымку будучаму дэпутату. У той час механізатары, напэўна, увішна працавалі ў полі, зараблялі грошы на такія «пасядзелкі».

Адным словам, гэтая сустрэча яшчэ больш мяне ўпэўніла не ўдзельнічаць у гэтых выбарах. Была думка прыйсці і выказаць свае адносіны на абароце бюлетэня. Але, думаю, што бюлетэнь мой выкінуць, а мой удзел будзе ўспрыняты як падтрымка дадзенай падзеі.

З другога боку, можа, і сапраўды добра, што будзе адзін дэпутат на некалькі раёнаў. Бо ўсё роўна яны нічога не вырашаюць, а эканомія грошай будзе вялікая, менш дэпутатаў – менш кватэр у Мінску яны атрымаюць.
Ды пры выхадзе на пенсію менш грошай пойдзе на чыноўніцкія пенсіі за цяжкую працу дэпутата.

Думаю, я не адзін так разважаю і мяне падтрымаюць многія. Вельмі хацелася б падыскутаваць на гэтую тэму ў “ГЧ”.

Аляксандр МАЛЯЎКА, жыхар в. Агарэвічы

Материалы по теме
Из рубрики