Аб жыццёвых скарбах жыхаркі вёскі Хатынічы
Народныя самабытныя спевы і вышыўка па тканіне – захапленні ўсяго жыцця ўраджэнкі Хатыніч Надзеі Ярашэвіч.
Аб жыццёвых скарбах жыхаркі вёскі Хатынічы
ШМАТ ПЕРАНЯЛА АД МАМЫ
Нягледзячы на глаўкому, якая пачалася ў жанчыны з пачатку 2000-ых гадоў, яна патрошку працягвае вышываць гладдзю ці крыжыкам прыгожыя малюнкі па тканіне, з якіх потым атрымліваюцца ручнікі, абрусы, жаночыя вышыванкі. А вырабамі, якія хатынаўка расклала ва ўсіх пакоях, каб прадэманстраваць нам, мог бы ганарыцца любы сталічны музей.
“У 2004 годзе мяне аперыравалі з-за глаўкомы. Цяпер мне 65 гадоў. Некалькі гадоў пасля аперацыі не вышывала, а потым патрошкі зноў пачала. Люблю чорныя і чырвоныя малюнкі – кветачкі, ромбікі, лісточкі. Для мяне ў вышыўках няма ніякіх складаных элементаў”, – кажа Надзея Васільеўна.
Яшчэ з ранняй маладосці жанчына навучылася шпарка перабіраць на кроснах (ткацкім станку), аздабляючы малюнкамі тканыя вырабы. Цяга да вышывання з`явілася яшчэ тады, калі вышывала яе мама. Ад маці Надзея пераняла ўменне вязаць кручком, спіцамі, прасці лён – дзяўчатам раней трэба было аздабляць свой пасаг да замужжа.
“Я з пятага класа вышывала ручнікі, навалачкі, прасціны. З гадамі накапіўся вопыт, удасканальвалася майстэрства. У маім жыцці сталася так, што я не ўяўляю сябе без гэтага”, – смяецца жанчына.
А сумаваць Надзеі не было калі. Скончыўшы 8 класаў Хатыніцкай сярэдняй школы, пайшла працаваць у ПМК. Разам з іншымі землякамі будавала магазін у цэнтры вёскі. Пасля былі праца на цагельным заводзе ў Ляхавіцкім раёне, вучоба ў вячэрняй школе, ранняе замужжа.
У мясцовую маладую прыгажуню закахаўся настаўнік Андрэй Андрэевіч Ярашэвіч. У шлюбе сужэнцы ўжо 46 год. Нарадзілі сына і дзвюх дачок. Дочкі ўдаліся ў маму: захапляюцца рукадзельніцтвам, асабліва сярэдняя – Алена. Яна працуе ў Доме дзіцячай і юнацкай творчасці ў Ганцавічах. Малодшая, Людміла, выкладае ў Мазырскім педуніверсітэце.
ПАКАРЫЛІ БАЛТЫКУ
Акрамя захаплення вышыўкай, Надзея Ярашэвіч спявае ў гурце «Хатовічы», які быў створаны Верай Валуевіч і нябожчыцай Марыяй Зельвіч. Раней з імі разам спяваў і муж Надзеі – Андрэй Андрэевіч. У лютым гэтага года калектыву будзе 45 гадоў.
Гурт «Хатовічы» двойчы быў у Польшчы, выступаў у Літве і Латвіі. Гурткоўцы спяваюць песні, якіх няма на паперы, але якія жывуць у памяці і сэрцах яго ўдзельніц. Гэта аўтэнтычная творчасць, якая з часам растворыцца ў сусвеце разам з яе носьбітамі.
“Фальклор наш, хатынаўскі. Ад бабуль і матуль панавучваліся. Маем рэпертуар на розныя святы і каляндарныя нагоды – купальскія, калядныя, вясельныя, абрадавыя, застольныя песні”, – расказвае Надзея Васільеўна.
Цяпер у калектыве шэсць жанчын ва ўзросце ад 65 да 75 год. «Хатовічы» пабывалі на шматлікіх сцэнічных пляцоўках Брэсцкай вобласці. Гэта яны адкрывалі першыя «Дажынкі» ў суверэннай Беларусі ў 1996 годзе ў Століне, неаднаразова запрашаліся ў Мінск.
Надзеі Ярашэвіч з замежных гастроляў найбольш спадабалася ў Латвіі. Там гурт правёў сем дзён у рамках фестывалю «Балтыка-2018». У ім удзельнічала 320 калектываў з 13 краін свету. Тады хатынаўкі Ганна Ярашэвіч, Лідзія Навумік, Надзея Ярашэвіч, Ганна Літвіновіч, Кацярына Ярашэвіч і Таццяна Буйкевіч упершыню пабылі на моры.
“Латвійскі прэзідэнт Вейёніс, калі ўгледзеў нас, спытаў, ці бачылі мы мора. Яму адказалі, што не… Тады ён загадаў, каб нашу праграму змянілі і завезлі на Балтыйскае мора ў Юрмалу. Было халаднавата. Але мы агалілі ногі і намачылі іх у марскіх хвалях. Уражанні неверагодныя! Нідзе яму канца няма. Толькі маленькія караблі віднеліся ўдалечыні”, – распавядае Надзея Ярашэвіч.
Падчас наведвання Латвіі гурт быў запрошаны на прыём да беларускага пасла ў горадзе Рыга Марыны Даўгаполавай, якая родам з Баранавіч. Яна проста і сардэчна прымала зямлячак у пасольскім кабінеце. А хатынаўкі падаравалі ёй вышыты ручнік.
Пасол паабяцала, што ён будзе ляжаць на кожным афіцыйным прыёме як часцінка роднай Беларусі. Дарэчы, з аплатай паездкі калектыву тады прыйшлося напружыцца. Цэнтр нацыянальных культур у Латвіі аплаціў пражыванне, харчаванне і знаходжанне ў іх краіне калектыву.
Дарогу ж «Хатовічам» павінен быў аплаціць Ганцавіцкі раён. Сем чалавек ледзь выбілі з раённага бюджэту грошы на дарогу ў адзін бок. А старшыня ААТ «Хатынічы» Міхаіл Сергіеня адразу выдзеліў грошы на зваротны шлях.
“Нам заўсёды кажуць: «Вы наш брэнд!» А пра дарогу амаль ніхто не паклапаціўся”, – каментуе Надзея.
НАДЗЯ ЯК КАМП`ЮТАР
Спачатку Надзея Ярашэвіч была ў двух калектывах: у «Надзеі», дзе выконвалі спевы пад баян, і ў народным «Хатовічы». Звычайна на сцэне, калі выступалі два калектывы, сялянка спачатку спявала ў адным, потым была паўза, падчас якой што-небудзь дэкламавалі. За гэты час жанчына прыбіралася ў народны строй і ішла выступаць з гуртом «Хатовічы».
Цяпер яна з-за ўзросту толькі ў адным калектыве – у народным. Песні хатынаўка запамінала пасля двухтрох выкананняў на ўсё жыццё. Ніколі не запісвала слоў у сшытак. Калі і цяпер хто-небудзь з выканаўцаў забывае словы, то тэлефануюць Надзеі, каб нагадала.
“Усе словы зместу песень нашы жанчыны пытаюцца ў мяне. Патэлефануюць і просяць, каб напела. Мне кажуць: «Надзя, ты як камп`ютар!» Але і я ўжо пастарэла”, – кажа жанчына.
З Латвіі прыязджалі і здымалі фільм пра калектыў «Хатовічы». Запісвалі на відэа іх спевы. Гэты матэрыял цяпер у стадыі апрацоўкі і мантажу. Самабытны калектыў нават хацелі запрасіць у Амерыку, каб там выступілі з гастролямі.
“Перапісалі нашы пашпартныя дадзеныя, але мы пакуль нікуды не паехалі. Ды і баімся мы, людзі простыя, ляцець праз акіян”, – кажа Надзея.
Новости
- 17:27 Пассажиры смогут платить QR-кодом в клубе СВ
- 17:16 У границы с Литвой задержали мужчину с дроном
- 16:57 Мошенники крадут деньги у жителей Могилевской области
- 16:45 Заморозки осложнят поездки водителей на юго-востоке
- 16:39 Ганцевичская ЦРБ строит пятиэтажный корпус
- 13:36 Из Гомельской области изъяли дыни из-за нитратов
- 12:50 Фирма в Столинском районе памятник обещала к сентябрю – перенесла на октябрь…
- 12:39 На сельхозпредприятии Могилевской области госконтроль нашёл нарушения
- 12:15 В Барановичах запретили китайские закуски из-за нарушений
- 15:59 Рыболовам запретят ловить в зимовальных ямах
Материалы по теме
В списке неблагоприятных для сельхоздеятельности в Брестской области всё те же 5 районов
Беларусь продолжает жить пятилетками. И вот правительство утвердило обновлённый перечень районов, неблагоприятных для ведения сельского хозяйства, который будет действовать с 2025 по 2029 год. В Брестской области всё те же пять районов. Впрочем, в целом по стране ничего нового, кроме того, что из 66 районов стало на один меньше. В каких-то районах то ли земли стали лучше, то ли работать аграрии стали по-другому.
В авариях в Ганцевичском районе погиб велосипедист и пострадал водитель мотоцикла
Сразу два серьезных дорожных происшествия произошли в течение одних суток на территории Ганцевичского района. Трагедии избежать не удалось: ехавшего по краю дороги велосипедиста насмерть сбила машина. По результатам другого ДТП водитель мотоцикла очутился в больнице.
Около Бреста и в Ганцевичском районе в лесах вели поиск заблудившихся людей
Пять человек пропали минувшим днем в лесах Брестской области, когда пошли за грибами и ягодами. Для их розыска привлекали много техники и людей, а в итоге после спасения одну из женщин доставили в больницу с переохлаждением организма.