Пралеска
Вясна. Жанчына. Каханне... Ланцужок слоў, у якіх заключаны такі глыбокі сэнс. нездарма паэты ўсіх часоў свае лепшыя радкі прысвячалі Жанчыне, атаясамлівалі яе з Вясной, ахіналі Каханнем. Сённяшняя падборка вершаў паэтаў-землякоў – сяброў Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза беларускіх пісьменнікаў – прысвечана Яе Вялікасці Жанчыне.
Віктар Гардзей
Пацалунак
Адно імгненне – вочы, вусны
Адчайна ў вечнасць паплылі,
Сучок пад яблыняю хруснуў,
І – ціха-ціха на зямлі.
Павеў салодкі, хмельны, горкі,
І – захістала, павяло.
Відаць, святло звышновай зоркі
Да нас у гэты міг дайшло.
***
Ведаў я, што недзе ты не спіш,
І таму прыйшоў нябачна сёння
Да цябе, раскалыхаўшы ціш,
Каб сагрэцца у тваіх далонях.
Сэрца я сваё табе прынёс,
Перапоўненае навальніцай,
Губ тваіх усмешак, шчасця слёз
З тых вачэй, дзе свецяцца зарніцы.
Дык не стой ля весніц, нібы цень,
Не хадзі ўстрывожана ля вокан:
Давідна ж я ў гэтай немаце
Буду чуць прыглушаныя крокі!
Буду чуць, як промні празвіняць.
Буду зблізку чуць тваё дыханне.
…У грудзях прыціхла цішыня
Перад надыходзячым світаннем.
Уладзімір Марук
Пацалунак
На губах пацалунак далёкі, далёкі, далёкі,
Што калісьці апёк
І са мной развітацца не можа,
Каб штодня цалаваць незваротна-расстанныя крокі.
Асвяці ж іх, малітва, не дазволь беспаметнасці, Божа.
Адцураюцца згадкі, адцураюцца думы і мроі,
Толькі памяць не скажа далёкай душы «алілуя»,
Запыні яе, Божа, пацалуйся, як з роднай сястрою,
І яна, як мяне,твой здарожаны крыж пацалуе.
***
Не зведаць вуснаў, толькі словы піць,
Адчуць віну, ды не спазнаць адчаю,
І свой спакой прад Вамі не любіць…
Душу да Вас, як ляльку, прывучаю.
Я Вашы вочы бачу праз смугу,
Я цела Ваша мрою скрозь дрымоту.
Прывабным быць, як вораг, – не магу,
Бяздушным быць – няма людской ахвоты.
Іван Кірэйчык
Зноў у вёску сваю еду
Лёгкі шум веласіпеда,
Бор сцяжынку сваю сцеле.
Зноў у вёску сваю еду
Я з райцэнтра на нядзелю.
Стрэцца зноў з табой жадаю.
Больш нічога не хачу я,
Слова вымавіць “кахаю”
І пачуць.., ды што пачуеш?
Тваё сэрца непарушна,
Несвядомае ніколькі:
Пасмяешся раўнадушна,
Пасядзіш са мной – і толькі.
Усё роўна, каб сустрэцца,
Хоць адным убачыць вокам,
Будзем я і маё сэрца
Ноч хадзіць ля тваіх вокан.
І няхай асудзяць людзі,
Я ж не буду носа вешаць:
Погляд твой зарадкай будзе
У працы мне на цэлы месяц.
Алесь Каско
Не сустрэцца
Больш ніколі не сустрэцца.
Ты, вядома ж, за той брамай,
За якую з цяжкім сэрцам
Не пускаюць, мама.
Не сустрэцца нам ніколі.
Набрыняў мой лёс грахамі
Так, што добрыя анёлы
Не падымуць, мама.
Як не ў цёмных сутарэннях,
Дык зямлёю, поўнай ямін,
Буду я блукаць нязменна,
Незваротна, мама.
Ці то хмаркай ільняною,
Ці то зоркай чыстай самай,
Будзе дух твой нада мною
І твой позірк, мама.
Ты не будзь хоць там няўцешнай
За дзяцей. Хоць там, за брамай,
Да маёй душы шматгрэшнай
Не спускайся, мама!..
***
Я хутка пайду…
Затрымай на хвіліну, такія спагадныя рукі ў цябе!
Такімі, напэўна, замешвалі гліну
на першай любові, на першам цяпле.
У іх дабрыня і дакор –ад Самога…
Яны не для зла, не для сквапных уцех.
Усё бласлаўлёнае імі: дарога,
і прага вяртання, і кара за грэх.
Дазволь затрымацца.
Адпрэчу ваганні, да рук, што стварылі мяне,
Прыпаду без крыўды і жалю,калі я выгнаннік!..
Я хутка пайду…
Міхась Рудкоўскі
Прыйдзі
Хай гэта сон,
Сон церпкі, як віно, –
Ты ў ім жывеш,
І дыхаеш, і любіш.
Любоўю той я апякаю губы,
Яна мяне вядзе на трон,
Мне людства
ўсё з вяршынь відно.
Хай гэта сон,
навеяны святлом, –
Ты ў ім бруішся
жыццядзейным садам.
Я за яго пайду на барыкады,
Меч агалю у барацьбе са здрадай,
Няпраўдай, крывадушшам,
чорным злом.
А будзе: ў справядлівай барацьбе
Я абламлю слабеючяя крылы
І упаду, і ўстаць не мецьму сілы –
Прашу: прыйдзі!
Прыйдзі і на магілу
Усё той трывожнай,
маладою, мілай, –
Знай: я ўсяго сябе аддаў табе…
Іван Лагвіновіч
***
Пастукаюся ціха апоўначы
Нясмелаю, няцвёрдаю рукой.
Прыслухаешся і расплюшчыш вочы:
Каму няўцерп трывожыць мой спакой?
Азвуся. Кацянятка недаверу
Нябачным ценем выйдзе за парог.
Пакуль ты будзеш адчыняць мне дзверы,
Я абаб’ю з абутку пыл з дарог.
Пайшоў Іванам, а вярнуўся Янам,
Быў вальнадумцам, зараз – уніят.
Схілюся галавою пакаяннай:
Хай ляжа на яе рука твая.
Знямеюць непатрэбныя папрокі,
Забудзецца разводніца-зіма.
І я скажу: «Хадзіў я ў свет далёкі, –
Там сонечнай такой, як ты, няма».
Аляксей Галаскок
***
Пайшлі з табой разам да рэчкі,
На мосцік над Ланню-ракой.
Пакінем турботы і спрэчкі,
Прыціхнем над чыстай вадой.
Давай, як раней, памаўчым
І птушак паслухаем спевы,
Уважліва зноў паглядзім
На вёскі, што справа і злева.
Ты ўсё мне раскажаш пра Начу.
Адкуль пайшла назва яе,
Як сонца схаваецца, ўбачым,
Што месяц плыве па вадзе.
Яшчэ мне пра ліпы раскажаш,
Іх некалі пан тут садзіў.
А потым рукою пакажаш,
Дакуль быў ранейшы разліў.
Сустрэнем з табой зорны вечар
На мосціку толькі ўдваіх.
Цябе абдыму я за плечы
І вуснаў крануся тваіх.
Чужая маці
Зжаўцелыя фіранкі на акне
У згорбленай, счарнелай хаце.
Так хочацца зайсці ў адведкі мне
Неспадзявана да чужое маці.
Не церпіцца ў старэнькай папытаць,
Жывецца як, дзяцей ці часта бачыць.
Але баюся моцна напужаць,
Бо я не сын і мне яна не маці.
Я бачу: трэба снег паадкідаць
Ад вуліцы да веснічак і хаты.
Лапату, пэўна, ёй не утрымаць –
Кіёк сухі і той стаў цяжкаватым.
А хлеб? Ці ёсць ён на стале?
Ці бохан з крамы ўсё ж прынесці?
Зжаўцелыя фіранкі на акне –
Ад іх мне позірк не адвесці…
Святлана Локтыш
Моцная
Яе “ахрысцілі” моцнай:
Адна на сваіх плячах
Несла праз дні і ночы
Мужчынскі цяжар і жаночы,
Ішла праз нягоды і страх.
Ёй нават самой здалося:
Праўдзівы людскі вердыкт.
Падстрыгла коратка косы —
Навошта такая раскоша,
Калі адна за дваіх?!
Хавала ў падушцы слёзы,
Калі ўсё ішло не так…
Гарталі старонкі вёсны —
Не знала, а лёсу кросны
Ужо рыхтавалі пасаг.
І “моцнай” цяпер так спіцца
На моцным мужчынскім плячы.
Так, шчасце — ў руках сініца.
Няхай журавель-дурніца
Ўпрыгожвае далячынь.
***
Што, здаецца, яшчэ у жыцці нам трэба?
Верасковы дыван пад далонню неба,
Гаркаваты дымок галавешак з кастра,
Парусінавы рай замест жытла,
Адпачынак гітары ад чуйных рук,
Дрэў-сяброў гаманкіх чарадзейны круг.
Ціха дыхае ноч грудзьмі лагчын.
…Прытаіўся мой сон на тваім плячы.
Новости
- 10:59 Беларусь уходит в форель: старые рыбхозы в убытках, новые – в планах
- 16:00 Как всего несколько ложек мёда в день могут изменить ваше здоровье
- 14:30 Как быстро и легко остановить понос народными средствами!
- 22:44 Парень из Бреста после болезни в армии перенес онкологию и потерял глаз
- 09:20 Готовим и едим в Лиссабоне – мастер-класс по закускам
- 09:18 Четыре дня ткачества в Лиссабоне – как проходит ретрит у мастера
- 17:33 Дельфины под Лиссабоном – как проходит морская прогулка и сколько стоит
- 15:24 Рыбалка в Атлантике у Лиссабона – как проходит тур и что можно поймать
- 15:37 По следам тамплиеров и королей — один день, который объединяет средневековую Португалию
- 14:45 День с рыбаками в Кашкайше – как это устроено и стоит ли пробовать
Из рубрики
Жыхарка Ляхавіцкага раёна напісала верш пра святое месца
Ізбійскі бор - гэта лясное ўрочышча паміж вёскамі Будча і Дзяніскавічы ў Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Гэта месца лічыцца гістарычным і святым. Некалькі гадоў таму тут пабудавалі новую капліцу. Але з выгляду - гэта сапраўдны храм. Паводле падання, на гэтым месцы явіўся лік Багародзіцы.