У Брэсцкай вобласці паскардзіліся на адсутнасць сшыткаў на беларускай мове

Больш за 50 зваротаў паступіла на “гарачы” тэлефон у Камітэце дзяржаўнага кантролю Беларусі наконт пытанняў аб падрыхтоўцы дзяцей да новага навучальнага году. Скаргі былі розныя, у тым ліку, і з раёна Брэсцкай вобласці, дзе не змаглі адшукаць беларускамоўныя сшыткі.

У Брэсцкай вобласці паскардзіліся на адсутнасць сшыткаў на беларускай мове
У Брэсцкай вобласці паскардзіліся на адсутнасць сшыткаў на беларускай мове / Фото: ілюстрацыйнае

У крамах вёсак Ляхавіцкага раёна цяжка знайсці сшыткі на беларускай мове. Такая скарга паступіла на кароткі нумар 191 Камітэта дзяржаўнага кантролю наконт падрыхтоўкі дзяцей да школы.

Як адзначылі у прэс-цэнтры КДК, усяго было больш за 50 зваротаў

з розных рэгіёнаў Беларусі. Усе скаргі тычыліся надзённых пытанняў напярэдадні новага навучальнага году.

Так, людзі паведамілі аб недастатковасці школьнага адзення вялікіх памераў для старшакласнікаў. Таксама былі скаргі аб немагчымасці набыць неабходныя канцылярскія тавары. А ў школьнікаў з Барысава ўзніклі праблемы з набыццём сшыткаў для лабараторных работ для 6 і 9 класаў.

Акрамя таго, былі паведамленні пра адсутнасць свабодных месцаў ва ўстановах адукацыі па месцы рэгістрацыі. Напрыклад, у некаторых мінскіх школах адмаўляюцца прымаць дзяцей. І гэта нягледзячы на тое, што дзіця па месцы рэгістрацыі мае права яе наведваць.

Паводле звестак Дзяржкантролю, траціна зваротаў тычылася пытанняў набыцця школьнай формы. У некаторых выпадках навучэнцам і іх бацькам навязвалі элементы школьнай формы канкрэтных вытворцаў.

Таксама паступілі скаргі на дрэнны стан школьных спартыўных пляцовак, адсутнасць падвозу дзяцей да ўстаноў адукацыі. Былі званкі незадаволеных грамадзянаў высокім коштам на школьны абутак і адзенне.

У Камітэце дзяржкантролю праведзены аналіз інфармацыі, якая паступіла на “гарачы” тэлефон. Па выніках кантрольная ўстанова абяцае прыняць адпаведныя меры рэагавання.

.

Материалы по теме
Из рубрики